Плю́ндра ’неахайная, нязграбная жанчына’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); плю́ндріна (Юрч. СНЛ; Юрч. Вытв.). Паралельная форма флюндра ’тс’ (беласт., Жыв. НС) сведчыць, што гэта — запазычанне з польск. flądra ’няхлюйная жанчына, прастытутка’ (з XVIII ст.), якое Слаўскі (1, 232) разглядае як запазычанне з ням. дыял. Flunder, Flander ’анучы, рыззё’, ’прастытутка’, што паходзяць, напэўна, з назвы краіны Фландрыі, адкуль разыходзіліся па Еўропе сукны. Банькоўскі (2, 600) мяркуе, што фармальна блізкае польск. plądra ’вандроўная ашуканка-зладзейка’ паходзіць ад plądrować, plondrować і plundrować ’грабці’, ’шарыць, шукаць’, а гэтае — з н.-ням. plündern ’грабіць, спусташаць’. Таго ж паходжання ўкр. фльондра, чэш. plundra ’гуляшчая, блудніца, прастытутка’, pladry ’адзенне’, ’паношанае адзенне, латы, анучы’, н.-луж. plundrawa ’абадранка’, славен. plȗndra ’снежная слота’, ’балота, дрыгва’, plọ̑dra, plọ̑jndra ’дождж са снегам’ (з факультатыўнай экспрэсіўнай назалізацыяй — Бязлай, 3, 62). Адносна літ. pliùndra ’слата’, pliùdra ’непраходная дарога з-за дажджу’, pliù(n)dra ’бадзяга, блудніца, прастытутка’, ’пляткарка’, ’неахайная жанчына’ Фрэнкель (1, 625) мяркуе, што яны ўзыходзяць да і.-е. *pel‑, *pleu̯‑d ’плыць, лётаць’, што дае падставы Лаўчутэ (Балтизмы, 71) следам за Блесэ (SB, 5, 17) лічыць балтыйскія словы зыходнымі для бел. плюндра ’той, хто заўсёды пэцкаецца’, што ў святле вышэй прыведзеных фактаў не мае падстаў, гл. спецыяльна Віткоўскі (LB, 4, 149–152). Гл. і хлюндра.