Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́гзах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свірэ́па1, свірэ́пка ‘пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, часцей за ўсё Barbarea vulgaris R. Br.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 1; Пятк. 1, ПСл, Растарг., Кіс.), свярэ́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свырі́па ‘тс’ (Клім.), свіро́па ‘тс’ (ТС; ПСл; мазыр., Жыв. сл.), ‘рэдзька палявая, Raphanus raphanistrum L.’ (Кіс., Касп., Дэмб. 1), ‘гарчыца палявая, Brassica napus arvensis L.’ (Бейл.), свырі́па ‘варыва з лебяды’ (кобр., Нар. лекс.), свіры́па ‘старасцень, Senecio erucifolius L.’ (Меер Крыч.), свірэ́піца ‘пустазелле’ (Гарэц., Сл. ПЗБ). Рус. свире́па, свире́пка ‘абагульняючая назва цэлай групы крыжакветных раслін’, укр. свирі́па, польск. świerzop, świerzopa ‘тс’, чэш. svěřep, ‑a ‘пустазелле рода Branus i Fectuca і пад.’, серб.-харв. sverepek ‘расліны рода Fectuca, Aegilops’. Прасл. *svěrepъ/‑a ‘пустазелле’, субстантываваная форма прым. *sverěpъ ‘люты’, ‘дзікі, палявы’ (Мяркулава, Очерки, 75–78; Новое в рус. этим., 229); гл. свірэпы.

Свірэ́па2, ст.-бел. свирепа, сверепа ‘кабыла’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж свирепий ‘конскі’, свирепье стадо ‘табун’ (там жа). З ст.-польск. świerzepa ‘кабыла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), што звязваюць з наступным словам (Фасмер, 3, 580). Зрэшты, запазычанне магло быць і ў адваротным кірунку, параўн. свірэп ‘неаб’езджаная кабыла’ са «Слоўніка менш зразумелых беларускіх слоў» В. Каратынскага (гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі, Мн., 1994, 71). Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), слова з першасным значэннем ‘маладая неаб’езджаная жаробка’ супрацьпастаўлялася кабыле і клячы як аб’езджаным і рабочым жывёлінам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калга́н1 ’дуброўка (расліна)’ (бярэз., Сл. паўн.-зах.). Слова адзначана ў цэнтры бел. тэрыторыі, у іншых гаворках адпаведнікаў як быццам няма. Паводле фармальнага крытэрыю можна думаць пра запазычанне. Рус. дыял. калган, колган ’расліна Potentilla crecta’, ’расліна Polygonum bistorta’. Лексемы зафіксаваны ў радзе гаворак, пагранічных з беларускімі, аднак, відаць, у канкрэтным выпадку лінгвагеаграфія не паказальная, паколькі слова магло пашырыцца як культурны тэрмін. Фармальным адпаведнікам да прыведзеных лексем з’яўляецца рус., укр. калган ’расліна Alpinta galanga’. Ёсць усе падставы меркаваць, што ўсх.-слав. слова ўтворана са старой навуковай назвы гэтай расліны (параўн. яшчэ польск. назвы для Alpinia: galgant, galangal). Дакладная крыніца невядомая, магчыма, с.-лац. galanga, с.-грэч. γαλάγγα і араб. yalandzän ’дзікі імбір’ узыходзілі да кіт. kóleung -keungt гл. Фасмер, 2, 165. Неабходна вытлумачыць перанос назвы з культурнай расліны на палявую кветку. Укр. назва калган адносіцца ў першую чаргу да кораня расліны. Параўн. у Макавецкага, 24: «kalhan‑klacz». Аб пераносе падобнай назвы пісаў Махэк, Jména rostl., 275, згадваючы ст.-чэш. назву galgan planyдля Cypeuis, паколькі корань апошняга выкарыстоўвалі як сурагат кораня Alpinta. Што датычыць усх.-слав. тэрмінаў, то і’тут назва калган/колганрус. гаворках) азначае як расліну, так і карані або, часцей, уласна карані раслін (СРНГ, 12, 341). Адносна Potentilla інфармацыя ёсць, што датычыць Polygonym bistorta, корань гэтай расліны шырока вядомы як сродак ад паносу. Магчыма, на падобнае ўжыванне разглядаемай расліны ўказвае і ілюстрацыя ў слоўніку: «Калган — добрае зелле, памагае ад жывата» (Сл. паўн.-зах., 2, 371). Статус слова не вельмі ясны, і, нагледзяць! на даволі шырокую геаграфію рус. адпаведнікаў, нельга нічога пэўнага сказаць аб цэнтры рус. інавацыі і аб тым, ці ўдзельнічала бел. мова ў гэтым працэсе або слова трапіла сюды з рус. гаворак «культурным» шляхам. Адзначэнне польск. слова лічыцца запазычаннем з с.-в.-ням., гл. Слаўскі, 1, 253.

Калга́н2 ’галава’ (экспрэс.) (Бір. Працы IM, 6; маг., Крывіцкі, вусн. паведамл.). Паводле фармальных прыкмет — запазычанае слова. Рус. маск., ульян., сіб. і інш. калган ’галава’. Не выключана, што ў такім значэнні слова ўзнікла на ўсх.-слав. глебе, параўн. цвяр. колган ’круглая гліняная пасудзіна з ручкай’, алан. ’гладыш’, горк. ’тоўсты абрубак дрэва, цурбан’, цвяр., уладз. і інш. ’грубага вырабу посуд рознай формы’. Лінгвагеаграфія, аднак, не адпавядае такому рашэнню. Калі гэта слова было запазычана з такім значэннем, яно было б прадстаўлена больш шырока ў паўдн.-рус. гаворках. Магчыма, тут адбыўся больш складаны працэс і назвы посуду з гэтым словам генетычна не суадносяцца. Што датычыць рус. лексемы са значэннем ’цурбан’, нельга выключыць уплыву з боку рус. дыял. колба/калбан, дастаткова шырока вядомага іменна ў такім значэнні. Аб гэтым жа сведчаць рус. дыял. калган ’гладыш з высокім горлам’, ’гладыш’, калганчик ’невялікі гладыш’. Параўн. яшчэ рус. дыял. колба ’фігура ў выглядзе шара’, ’вялікая бутля’ і ’галава’, колбик ’вузкагорлы гладыш’ і інш. Адносна крыніцы запазычання нельга сказаць нічога пэўнага; для рус. калган ’драўляная міска’. Гараеў (440) прыводзіць у якасці ўсходняй крыніцы запазычанне цюрк. kolɣan. Надзейнасць гэтай думкі невялікая (Фасмер, 2, 165). Аднак параўн. драг. ко́ўган у фразе: Голова бы ко́ўган (аб круглай вялікай галаве); Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варава́ць1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Друк1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́карНас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́н1 ’кацёл з круглым дном і шырокім верхам’ (БРС, ТСБМ, Касп., Радч., Рас., Шатал., Янк.), ’чыгунны кацёл’ (Нас.), ’чыгун, вялікі чыгун’ (Арх. ГУ; палес., З нар. сл.; Мат. Гом.), ’чыгунок’ (Др.-Падб.; рэч., Нар. сл.). Што датычыць лінгвагеаграфіі, цікава адзначыць, што Сл. паўн.-зах. гаворак улічвае толькі адну фіксацыю слова казан, якое паходзіць з Рагачоўскага раёна, г. зн. што слова вядомае ў паўн., усх. і палес. (усх.-палес.) гаворках. Паколькі яно безумоўна з’яўляецца запазычаннем, то гэта пранікненне з рус. мовы (кур., арл., тульск., маск., бран., цвяр., наўг.). Слова ведае і ўкр. мова, аднак крыніцай запазычання ўкр. казан для бел., як паказвае геаграфія, быць не магло. Рус. казанзапазычанне з усходу, параўн. тур., тат. kazan ’кацёл’. Ямельчанка (Тюркизмы, 168–169) адзначае, што казан ’вялікі кацёл’ цюрк. мовы ў ліку некаторых іншых слоў запазычылі з араб. або перс. мовы. Такая этымалогія не падтрымліваецца ў новых слоўніках, параўн., напр., БЕР, 2, 137, дзе аўтары супраць запазычання перс. hazgān у тур. мову; там жа адносна тур. kazan: kazmak ’капаць, дзяўбці, выразаць’.

Каза́н2 ’паглыбленне круглай формы на полі’ (рэч., Яшк.). Рэгіянальны перанос ад вядомага на гэтай тэрыторыі казан ’кацёл’. Тыпалагічныя паралелі: укр. кіравагр. казанок ’упадзіна круглай формы’, серб.-харв. kazan ’катлавіна’. Мадэль падобных пераносаў (назва посуду > геаграфічны тэрмін) шырока вядома ў славянскім свеце. Параўн. бел. кадоўб у такіх значэннях, рус. котел, славен. déža, дыял. рус. ендова і інш., агляд мадэлі гл. у Талстога, Геогр., 218–229.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калабо́к ’малы хлябок’ (навагр., Жыв. сл.; Сцяшк.; в.-дзвін., Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.). Статус фіксацый слова ў першых дзвюх крыніцах няясны; параўн. меркаванне аўтара слоўніка: «магчыма, слова запазычана ў бежанстве з рускай ці ўкраінскай мовы ў час першай сусветнай вайны» (Жыв. сл., 23). Апошнія запісы з поўначы Беларусі можна разумець або як суаднесеныя з рус. колобок ’тс’ (паколькі гаворкі поўначы Беларусі роднасныя з рускімі), або як рус. запазычанне (на дыялектным узроўні). Рус. колобок (памянш. ад колоб) ведаюць на шырокай тэрыторыі, адносна ўкр. лексемы (прыводзіцца ў Грынчэнкі) можна сказаць, што статус яго не вельмі надзейны: слова сустракаецца ў казцы, параўн.: «Баба… витопила в печі, замісила яйцями борошно… спекла колобок» (Грынчэнка, 2, 270). Такім чынам, меркаваць аб усх.-слав. характары ўтварэння не даводзіцца. Рус. колоб этымалагічна вельмі няяснае ўтварэнне; з аднаго боку, праглядваюцца сувязі гэтага слова з утварэннямі ад колб‑ (параўн. коўб), якія называюць розныя акруглыя прадметы, абрубкі і да т. п., з другога — формы тыпу колабушек ’хлябок’, нельга не суаднесці з балабошкі ’пышкі і да т. п.’ Апрача таго. звяртае на сябе ўвагу незразумелы паралелізм коло‑ і кала‑, прычым не толькі на рус. тэрыторыі, дзе гэта можна было б вытлумачыць аканнем, але і ва ўкр. мове і ў паўн.-рус. окаючых гаворках (тут і назвы хлеба, і абрубкі дрэва, і посуд, і назвы геаграфічнага рэльефу, гл. больш падрабязна Талстой, Геогр., 231–232). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 292, дзе агляд старых этымалогій рус. колоб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)