Траці́ны1 ‘пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патра́ва1, потра́ва ’знішчэнне травы, пасеваў жывёлай’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Мядзв., Касп., ТС; лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), брэсц. потра́вляный ’з’едзены’ (Сл. Брэс.). Рус. потрава ’патрава’, ст.-рус. потравити ’паспасваць пасевы’, серб.-харв. по̏тра ’тс’. Да трава (гл.) < прасл. trava, якое спачатку абазначала ’харч, страву для людзей’, корм для жывёлы’, а пасля ’трава’, ’пэўныя віды траў’ (Брукнер, 575; Скок, 3, 494), а ’корм для чалавека’ — страва (гл.). Лексема trava — аддзеяслоўнае ўтварэнне (ад truti, trovǫ, як slava < sluti, slovǫ). Пазней ад trava ўтварылася traviti: польск. trawić ’знішчаць’, ’выдаваць’, ’ператраўляць’, ’цкаваць’ і інш., а таксама іншая ступень чаргавання — серб.-ц.-слав. трыти, трыѭцерці, сцірацца’, балг. три́я ’тру, выціраю’, ц.-слав. троути ’знішчаць’. З traviti пры дапамозе прыстаўкі па‑/по‑ і ўтварыліся патраві́ць ’знішчыць’, патра́ва ’знішчэнне’.

Патра́ва2 ’страва, ежа (пераважна з травы)’ (ТСБМ, Мядзв., Яруш., Шпіл., Гарэц., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ’вадкая ежа’ (Сл. ПЗБ), ’скаромная ежа’ (Шн. 3), ’вараная (гатаваная) ежа’ (Нас.), ’блюда’ (бяроз., Сл. Брэс.). Укр. потра́ва ’ежа, блюда’, рус. зах., калуж.-маск. потрава ’страва, ежа’, якое Даль (3, 934) выводзіць з польскі ст.-рус. потрава ’збіранне сена, корму’; польск. potrawa ’ежа, блюда’, potraw ’атава (трава)’; чэш., славац. potrava ’ежа, харчаванне’, ’прадукты’, ’корм (для жывёлы)’, серб.-харв. по̀травнина ’плата за выпас’. Да патраві́ць, якое з po‑traviti ’ператравіць, ужыць’, ’карміць травой’, ’знішчаць’. Гл. таксама патра́ва1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57- 64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гчы ‘зразаць, падрэзваць ножніцамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат.; ашм., Стан.; Сцяшк., Бяльк.), стрыгчы́ ‘тс’ (Ласт.), стры́хчы, стры́кчы, стры́хці ‘тс’, ‘рэзаць ножніцамі; кроіць’ (Сл. ПЗБ), стры́гці ‘тс’ (Сержп. Прымхі), стрыгці́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. с​ѕтрычи ‘тс’ (XVI ст., Карскі 2-3, 277); сюды ж стры́гчы вуша́мі ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (ТСБМ), стры́гці вуша́мі ‘тс’ (Сержп. Прымхі, ЛА, 1). Укр. стри́гти, рус. стричь, стараж.-рус. стричи, польск. strzyc, в.-луж. třihać, н.-луж. stśigaś, чэш. střihati, славац. strihať, серб.-харв. стри̏ћи, славен. stříči, балг. стрига́, макед. стриже ‘тс’, ст.-слав. стришти. Прасл. *strigti звязана чаргаваннем галосных з рус.-ц.-слав. стрѣгъ ‘стрыжка’, стрѣжьць ‘той, хто стрыжэ’, суадноснымі з с.-в.-ням. streich ‘удар, замах’ і роднаснае ст.-прус. strigli ‘чартапалох’, ст.-в.-ням. strîhhan ‘гладзіць, церці’, гоц. striks ‘паласа’, ст.-англ. strican ‘мазаць; праводзіць’, лац. stringere ‘дакранацца; здзіраць’, strigilis ‘скрабок’ (гл. Траўтман, 289; Мікала, Ursl. Gr., 3, 77; Фасмер, 3, 778), што ўзыходзіць да і.-е. *streig‑ ‘удараць’, з далейшай спецыялізацыяй ‘апрацоўваць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 329; Борысь, 584). Махэк₂ (588) параўноўвае з літ. riẽkti, riekaù ‘рэзаць’, riekė̃ ‘луста хлеба’, дапускаючы рухомае s‑. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1546; ЕСУМ, 5, 440. Параўн. стругаць. Сюды ж стры́жава ‘воўна, састрыжаная з авечкі (авечак) за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), стрыгу́н, стрыгуно́к ‘аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаюць грыву’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., ЛА, 1), ‘конь ва ўзросце двух год’ (Ян.; віц., Жыв. НС). Гл. таксама стрыгнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *tertiцерці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2-3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēre ’выціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgatiцерці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)