ГО́ФМАНСТАЛЬ (Hofmannsthal) Гуга фон (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРА́ЛКІН Генадзь Васілевіч (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЦІ́НСКІ Ігар Васілевіч (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),
бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац.дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.Сыскаўца, «Лівень» паводле А.Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́Ў Іван Антонавіч (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),
бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),
літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасць архітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.Ф.Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (тэхн.). 1) у вылічальнай тэхніцы — аўтам. перазапіс даных для захоўвання інфармацыі ў запамінальных прыстасаваннях аператыўнай памяці ЭВМ.
2) У сувязі — узнаўленне зыходнай формы сігналу, які прымаецца з дапамогай спец. (рэгенерацыйных) схем у рэтранслятарах.
3) У цеплатэхніцы — вяртанне часткі адведзенай цеплаты (унутранай энергіі паліва) для выкарыстання ў энергет. устаноўках. Цеплатой адведзеных з агрэгатаў газападобных прадуктаў згарання («гарачага» цепланосьбіта) падаграюць газападобнае паліва, паветра ці іх сумесі («халодны» цепланосьбіт), што паступаюць у гэтыя ж агрэгаты. Адбываецца ў рэгенератарах.
Таксама Р. выкарыстоўваецца ў розных галінах вытв-сці, напр., у ліцейнай — пры перапрацоўцы выкарыстаных фармовачных сумесей для аднаўлення зерневага стану пяску; у вытв-сці гумы для вырабу пластычнага прадукту (рэгенерату), які атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (дэвулканізацыяй) зношаных гумавых вырабаў і адходаў гумавай вытв-сці; пры аднаўленні эксплуатацыйных уласцівасцей выкарыстаных нафтавых масел для паўторнага іх выкарыстання; пры перапрацоўцы ядзернага паліва, што выкарыстоўвалася ў ядзерным рэактары, для захоўвання радыеактыўных адходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАБІ́ЛЬНАСЦІ ПРЫ́НЦЫПу экалогіі,
канцэпцыя, у адпаведнасці з якой любая прыродная адносна замкнутая сістэма пры ўзаемадзеянні нежывога рэчыва і жывых арганізмаў з праходзячым праз гэтую сістэму патокам энергіі здольная да развіцця ў бок устойлівага стану пры дапамозе самарэгулюючых механізмаў (працэсаў). Такой сістэмай можа быць і біясфера Зямлі, і невял. экасістэма, напр., возера. У выпадку кароткачасовага дэстабілізуючага ўздзеяння звонку такія механізмы забяспечваюць вяртанне сістэмы да стабільнага стану, пры дасягненні якога перанос энергіі звычайна ідзе ў адным напрамку, з пастаяннай хуткасцю і садзейнічае падтрыманню ўстойлівасці сістэмы. Здольнасць да самастойнага дасягнення стану стабільнасці ўласціва толькі жывым сістэмам (папуляцыям, экасістэмам, біясферы ў цэлым). Прыватны выпадак С.п. — правіла стабільнасці ўзроставай структуры папуляцыі, у адпаведнасці з якім любая прыродная папуляцыя імкнецца да ўстанаўлення стабільнай узроставай структуры. Змены ў знешнім асяроддзі ці унутры папуляцыі звычайна прыводзіць да ўзнікнення новага стабільнага размеркавання ўзростаў у папуляцыі. Выяўлена амер. біяфізікам А.Дж.Лотка (1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУПАКО́Ў Юрый Фёдаравіч (24.3.1934, с. Рубцава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. —24.10.1999),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). З 1957 працаваў у т-рах Ліпецка, Севастопаля, з 1968 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Мастацтва С. вызначаецца глыбінёй пранікнення ў сутнасць вобраза, спалучэннем драм. і камед. пачатку, прастаты знешняга малюнка і псіхал. пераканальнасцю. Сярод роляў у рус. т-ры: Немец («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Навіцкі, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Карніла («Знак бяды» паводле В.Быкава), Іван Ільіч («Ноч анёла» А.Разанава), Іван Каламійцаў, Сацін («Апошнія», «На дне» М.Горкага), Пабеданосікаў («Лазня» У.Маякоўскага), маркіз дэ Шарон («Мальер» М.Булгакава), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Макдуф («Макбет» У.Шэкспіра), Шрусберы («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Рычард («Усё ў садзе» Э.Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.