Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЕ́ЦКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (10.9.1905, г.п. Халмы Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 26.5.1968),
украінскі жывапісец. Нар.маст. Украіны (1960). Чл.-кар.АМСССР (1967). Пасля сканчэння Кіеўскага маст. ін-та (1928), выкладаў у ім (з 1947 праф.). Майстар жанравай карціны. Творы вызначаюцца дасканалай распрацоўкай сюжэта, псіхалаг. пераканаўчасцю характараў: «Допыт ворага» (1937), «Т.Шаўчэнка ў ссылцы. Пасля муштры» (1939), «Вяртанне» (1945—1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛАВА (Валянціна Валянцінаўна) (н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС РАДЗІ́МЫ»,
інфармацыйная культ.-асветная газета Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом. Выдаецца з 6.4.1955 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Да студз. 1960 наз. «За вяртанне на Радзіму». Засн.бел. секцыяй Сав.к-та «За вяртанне на Радзіму» для прапаганды сав. ладу жыцця сярод бел. эмігрантаў. З сярэдзіны 1970-х г. больш аб’ектыўна асвятляла жыццё, у т. л.бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1990-х г. адзінае бел. выданне, якое распаўсюджваецца сярод нац. дыяспары і ў асяроддзі замежных беларусістаў. Інфармуе аб паліт. працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі, навінах грамадска-культ. жыцця. Публікуе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асвятляе жыццё беларусаў у далёкім і блізкім замежжы. Да 1993 выдавалася «Бібліятэчка газ. «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́Д (ад грэч. katodos шлях уніз, вяртанне),
1) адмоўны электрод хім. крыніцы току.
2) Электрод электра- і радыётэхн. прылад (апаратаў), электралітычных ваннаў і інш., які далучаецца да адмоўнага полюса крыніцы току.
3) Крыніца электронаў у электравакуумных і газаразрадных прыладах. Паводле віду электроннай эмісіі адрозніваюць тэрма- і фотаэлектронныя, халодныя К. і інш.