ГО́ФМАНСТАЛЬ
(Hofmannsthal) Гуга фон (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)