ЛАПЦІ́НСКІ (Ігар Васілевіч) (н. 11.1. 1930, г. Магілёў),

бел. акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1951). З 1951 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1963—94 рэжысёр (1975—80 гал. рэжысёр), з 1994 на студыі літ.-драм. праграм Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод роляў: Гільём («Салавей» З.​Бядулі), Брыгадзір Янка («Крылы» А.​Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Пракурор (1000 франкаў узнагароды» В.​Гюго), Пэра («Пані міністэрша» Б.​Нушыча). Яго пастаноўкі радыёспектакляў вылучаюцца глыбокім зместам, жыццёвай пераканаўчасцю, эмацыянальнай насычанасцю: «Спартак» паводле Р.​Джаваньёлі (1987), «Палескія рабінзоны» паводле Я.​Маўра (1989), «Дарога на дваіх» (1996), «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» (усе паводле М.​Калошкі), «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А.​Сыскаўца, «Лівень» паводле А.​Жука (усе 1997), «Час дыназаўра» паводле Л.​Шчэрбача (1998). Паставіў лірычна-дакумент. радыёаповесць Г.​Пашкова «Палескія вандроўнікі» (1998; Дзярж. прэмія Беларусі 1998).

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)