ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),
літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасць архітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.Ф.Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
А.М.Пяткевіч.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)