РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (тэхн.). 1) у вылічальнай тэхніцы — аўтам, перазапіс даных для захоўвання інфармацыі ў запамінальных прыстасаваннях аператыўнай памяці ЭВМ.
2) У сувязі — узнаўленне зыходнай формы сігналу, які прымаецца з дапамогай спец. (рэгенерацыйных) схем у рэтранслятарах.
3) У цеплатэхніцы — вяртанне часткі адведзенай цеплаты (унутранай энергіі паліва) для выкарыстання ў энергет, устаноўках. Цеплатой адведзеных з агрэгатаў газападобных прадуктаў згарання («гарачага» цепланосьбіта) падаграюць газападобнае паліва, паветра ці іх сумесі («халодны» цепланосьбіт), што паступаюць у гэтыя ж агрэгаты. Адбываецца ў рэгенератарах.
Таксама Р. выкарыстоўваецца ў розных галінах вытв-сці, напр., у ліцейнай — пры перапрацоўцы выкарыстаных фармовачных сумесей для аднаўлення зерневага стану пяску; у вытв-сці гумы для вырабу пластычнага прадукту (рэгенерату), які атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (дэвулканізацыяй) зношаных гумавых вырабаў і адходаў гумавай вытв-сці; пры аднаўленні эксплуатацыйных уласцівасцей выкарыстаных нафтавых масел для паўторнага іх выкарыстання; пры перапрацоўцы ядзернага паліва, што выкарыстоўвалася ў ядзерным рэактары, для захоўвання радыеактыўных адходаў.
т. 13, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)