СТУПАКО́Ў Юрый Фёдаравіч (24.3.1934, с. Рубцава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. —24.10.1999),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). З 1957 працаваў у т-рах Ліпецка, Севастопаля, з 1968 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Мастацтва С. вызначаецца глыбінёй пранікнення ў сутнасць вобраза, спалучэннем драм. і камед. пачатку, прастаты знешняга малюнка і псіхал. пераканальнасцю. Сярод роляў у рус. т-ры: Немец («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Навіцкі, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Карніла («Знак бяды» паводле В.Быкава), Іван Ільіч («Ноч анёла» А.Разанава), Іван Каламійцаў, Сацін («Апошнія», «На дне» М.Горкага), Пабеданосікаў («Лазня» У.Маякоўскага), маркіз дэ Шарон («Мальер» М.Булгакава), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Макдуф («Макбет» У.Шэкспіра), Шрусберы («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Рычард («Усё ў садзе» Э.Олбі) і інш. Здымаўся ў кіно.