Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́на ‘бружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdus ‘свяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2–3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядро́1 ’палатно ў сетцы’ (ТС). Няясна. Магчыма, збліжэнне з польск. jadro ’сетка для лоўлі рыб альбо птушак, выпуклая яе частка’, кош. jadro ’сетка з матнёй’, ’складка ў адзенні’, ’(рэдкая) тканіна’, чэш. jadro ’ўнутранасць рыбацкай сеткі’, славен. jádran ’матня ў рыбацкай сетцы’, ст.-слав. ꙗдро ’выгін, выпукласць, складка’ (гл. ядро), для якога выводзіцца значэнне ’выпукласць, звісаючая частка, матня’ з першапачатковага ’нешта набухшае, абвіслае’ (гл. Слаўскі, 1, 485–486; ЭССЯ, 6, 43–44; SEK, 2, 324–325). Аднак цяжка вытлумачыць пачатковае с‑ (магчыма, уплыў дзеяслова сядзець, гл. сядро3).

Сядро́2 ’здор’ (брэсц., ЖНС), сюды ж, відаць, ст.-бел. сѧдра: чрева его сѧдра зубъ слоновых, што перакладаецца як ’пласціна’ (Альтбаўэр), сѧдръ: кости его сѧдръ сталныи; подобїѧ сѧдра зубнаго з няясным значэннем (КГС). Параўн. рус.-ц.-слав. сѧдра ’загусцелая вадкасць’, серб.-ц.-слав. сѧдра ’тс’, чэш. sádra ’гіпс’, славац. sadra ’тс’, славен. sadra ’тс’, серб.-харв. са̏дра, се̏дра ’гіпс, вапнавы нацёк’, гідронім балг. Седрач, харв. sedro ’порысты камень’. Апошняе Махэк₂ (535) выводзіць ад кораня *sęd‑ са старадаўнім суфіксам ‑r‑, што фармальна і семантычна магчыма, але як амонім да разгледжаных слоў; сядро < сядзець, г. зн. ’тое, што асела на кішках’, параўн. сала. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 185; Бязлай, 3, 213 (узводзяць да прасл. *sędra, што мае і.-е. паралелі); Вештарт, Лекс. Палесся, 134; Дурыданаў, БЕ, 23, 1–2, 105–108.

*Сядро́3, седро́ ’задняя частка штаноў’ (стол., Нар. ск.), ’мянушка чалавека, шырокага ў касцях, з вялікай тазавай часткай’ (Альп.). Словаўтваральны варыянт назоўніка ад сядзець з суф. ‑р‑, параўн. сядло, садно, сядро1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́ча ’веча, сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя пытанні ў некаторых гарадах старажытнай Русі’ (КТС, БРС, Яруш.). Укр. віче, рус. вече, пск., наўг. веча́ ’тс’, пск. веча́ть ’крычаць’; ’выдаваць глухі гук’, ст.-рус. вѣче ’веча’; ’тайнае зборышча, загавор’; ’прамова, угаворванне, саромленне, павучанне, прыгавор’, арханг. вечь ’галашэнне’; ’сход’, польск. wiec ’веча, мітынг’, wiecować ’кіраваць’, ст.-чэш. věce, славен. věča ’вясковы суд, судовая справа’; ’падатак’, серб.-харв. ве́ће ’веча, нарада, савет’, ст.-слав. вѣще ’нарада’. Прасл. věti̯o, да веціць (гл.); параўн. яшчэ ст.-рус. вѣтъ ’нарада’, ст.-чэш. аорыст věce ’сказаў’ і ст.-прус. wayte ’вымаўленне’, waitāt ’гаварыць’. Гл. Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 109; Траўтман, Altpreuß., 353; Траўтман, 339; Фасмер, 1, 308; Брукнер, 614; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 687; Шанскі, 1, В, 81; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Восем (БРС, Яруш., Бяльк., КТС, Шат.). Рус. во́семь, укр. ві́сім, ст.-рус., ст.-слав. осмь ’восем’, балг. о́съм, серб.-харв. о̏сам, славен. ósem, чэш. osm, славац. osem, польск. ośm, в.-луж. wosom, н.-луж. wosym. Прасл. *osmь ’восем’ — новаўтварэнне ад osmъ ’восьмы’, падобна šestь : šestъ, devętь : devętъ і г. д. (Праабражэнскі, 1, 99; Фасмер, 1, 231). І.‑е. *ok̑tō(u); параўн. літ. aštuonì, лат. astuôni, ст.-інд. aṣṭā́u, aṣtã́, авест. ašta, арм. utʼ, грэч. ὀκτώ, лац. octō, гоц. ahtáu, ірл. ocht, тахар. okadh (Траўтман, 15; Торп, 8; Майргофер, 1, 63). У і.-е. *ok̑tōu ’восем’ бачаць форму пар. л. ад *oketā ’барана’, першапачаткова ’чатырохзубая’ (літ-ру гл. Фасмер, там жа). Гл. таксама Махэк₂, 419; Шанскі, 1, В, 170; Супрун, Числит., 11 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Востры, войстры (БРС, Нас., Яруш., КТС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. о́стрый, укр. о́стрий, го́стрий, ст.-рус., ст.-слав. остръ, польск. ostry, чэш., славац. ostrý, балг. о́стър, серб.-харв. о̏шта̑р, о̏штра, о̏штро, славен. óster, ȏstra, óstro, в.-луж. wostry, н.-луж. wótšy. Для прасл. рэканструюецца ostrъ (Махэк₂, 421). Роднаснае літ. aštras, лат. дыял. astrs ’конскі волас’, ст.-інд. áśriḥ ж. р. ’край, вугал, грань, лязо’; aśániḥ ’вастрыё стралы, кідальная зброя’, грэч. ἄκρος ’верхні, крайні’, ἄκρον ’вяршыня, край, канец’, лац. ācer ’востры’, арм. asełn ’ігла’, ст.-ірл. ēr ’высокі’ (*ak̑ros), алб. áthëtë ’кіслы, даўкі’, грэч. ὄκρις ’вастрыё, вяршыня гары’, лац. ocris ’mons confragosus’, ст.-ірл. ochar ’вугал, выступ’ (гл. Траўтман, 15; Праабражэнскі, 1, 666; Майргофер, 1, 61; Фасмер, 3, 167; там і інш. літ.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лань ’даніэль, Cervus dama’, ’самка даніэля’, ла́ня ’лань’ (Некр.). Укр. лань, ланя, рус. лань ’тс’, польск. łania, łań, ст.-польск. łani (XV ст.) ’самка аленя’, каш. łania ’худая дзяўчына’, ст.-чэш. laní, чэш., славац. laň, славен. lȃnjec, серб.-харв. ла̀не, ст.-слав. алънии. Форма лань, якая сустракаецца ў спецыяльных працах па ст.-слав. мове, у ст.-слав. рукапісах адсутнічае (Цэйтлін, Этымалогія–1975, 69). Прасл. olni, olnьji, olnьję ’самка аленя’ з’яўляюцца роднаснымі са ст.-прус. alne, літ. élnė, álnė ’самка аленя, лань’, кімр. elain, арм. ełn ’алень’, лат. al̂nis ’лось’, ст.-грэч. ἔλαφος ’алень’ (Траўтман, 69; Брукнер, 306; Фрэнкель, 120; Махэк₂, 319; Слаўскі, 4, 458–459; Фасмер, 2, 458; КЭСРЯ, 233). Літ. lonis < бел. лань (LKŽ, 7). Сюды ж шчуч. лань ’малады, здаровы, выпешчаны чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лень1 ’лянота’ (брасл., Сл. паўн.-зах., Бяльк.), укр. лінь, рус. лень, польск. leń, ст.-чэш. lén, léň, славац. lieň, славен. lęn, балг. ленʼ, ст.-слав. лѣнь. Прасл. lěnь — назоўнік адцягненага значэння, утвораны ад lěnъ > ляны́ (гл.). Сюды ж лянівы(й), ляньлівый (як санлівы) ’схільны да ляноты, павольны’ (ТСБМ, Бяльк., БРС), лянівасць ’лянота’ (ТСБМ), ляніўства ’гультайства’ (Нас.).

Лень2 ’гультай’ (ігн., пін., Сл. паўн.-зах.), укр. лінь, рус. лень, ст.-рус. лѣнь ’гультаяваты’, польск. leń, ст.-чэш. léň, серб.-харв. lȇnj. Прасл. lěn‑jь (Слаўскі, 4, 159). Да ляны́ (гл.).

Лень3 ’рыба лін, Tinca vulgaris’ (гарадоц., Нар. лекс.). Укр. лень ’тс’, рус. лень ’лінь’ і інш. рыбы: Cyprinus linca, Hucho taimen, Salmo trutta. Да лін(ь) (гл.). Чаргаванне lě‑/li‑ гл. у слове леніва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́пшы, лі́пші, паст. ле́пі ’лепшы’ (Гарэц., Мядзв., Грыг., Булг., Бяльк., Шат., Яруш., ТС, ТСБМ, КЭС, лаг.; рагач., КЭС). Укр. ліпший, рус. пск., смал. лепший, ц.-слав. лѣпшій, польск. lepszy, н.-луж. lěpšy, в.-луж. lěpši, чэш., славац. lepší ’лепшы’, палаб. lepše ’лепш’, серб.-харв. ље̏пши ’прыгажэйшы’, славен. lépši ’тс’, ’прыемнейшы’. Прасл. lěpjь, р. скл. lěpjьša, пасля (паводле аналогіі) развілася другасная форма lěpjьšii — вышэйшая форма ад lěpjь, прадстаўленай ва ўсіх слав. мовах. І.‑е. *loip‑os > прасл. lěpъ ’той, які прылягае, прыліпае’ > ’той, які падыходзіць’ > ’добры’ > ’прыгожы’ (Бернекер, 1, 711; Брукнер, 296; Покарны, 670; Фасмер, 2, 485; Слаўскі, 4, 168–169; Скок, 2, 297, Шустар-Шэўц, 827–828). Сюды ж ле́пшаць ’рабіцца лепшым’, ляпша́ць ’ачуньваць’ (Бяльк., Яруш., ТС), лепшыньнік ’рамонтнік’ (Юрч. Вытв.), лепшота́ ’выгада, карысць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)