Матылёк ’насякомае з дзвюма парамі крылаў’ (ТСБМ, Яруш.; калінк., ЛАПП, гродз., Сл. ПЗБ), гродз., пруж., лях., беласт. маты́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ), мату́ль, моты́ль, моті́ль ’тс’ (паўд.-гом., ЛАПП), матыль ’матылёк’, ’лічынка камара як прыманка пры лоўлі рыбы’ (ТСБМ, Бес., Дразд., Федар., Шат.; докш., Янк. Мат.), ’блешня на шнуры, якая рухаецца за лодкай і служыць прынадай драпежным рыбам’ (Крыв., Браім), мо́тыль ’шмат матылькоў’ (Нас.), маты́ль ’гліст, аскарыда’ (докш., Янк. Мат.), матылі́, мітулі́ ’лічынкі стужачных глістоў, якія выклікаюць захворванне ў авечак і коз’ (в.-дзв., шальч., паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.). Укр. моти́ль, мете́лик ’матылёк’, ’лічынка камара’, рус. моты́ль ’матылёк’, ’гліст’, ’моль’, польск. motyl ’матылёк’ н.-луж. mjatel, mjatelik, в.-луж. mjetel, чэш. motýl, славац. motýľ, славен. metúlj, metílj ’тс’, серб.-харв. мѐтил, ’гліст фасцыёла’, ц.-слав. матыль. Прасл. motylь, metylь (Бязлай, 2, 181), metelь (Махэк₂, 375). Шустар-Шэўц (12, 927–928) адносіць (з надзейнасцю) луж. лексемы да асновы met‑/mot‑ (гл. мата́ць), прыводзячы ў пацвярджэнне значэнне ’сняжынка’ ў в.-луж. mjetel, гэтым самым падкрэсліваючы, што дзеяслоў з асновы met‑/mot‑ азначаў такі рух, які перадаецца ст.-грэч. πάλλω ’трэсціся, трапятаць, паднімацца уверх’ і які ўласцівы птушцы перапёлцы (пырхаючы палёт), — таму і названы ў славен. гаворцы матыль, гэтаксама — prepelica (< і.-е. *pel‑). У бел. гаворках такія рухі перадаюцца словам матыль! ’хуткі рух чым-небудзь’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.). Міклашыч (194), Мее (MSL, 14, 333) дапускалі, што прасл. лексема першапачаткова азначала ’гнаявік’, і прыводзілі ў пацвярджэнне ст.-рус. мотыла, мотыло ’гной’, ц.-слав. мотыло ’кал’. Брандт (РФВ, 22, 156) выводзіў мотыль са значэння ’кідацца туды-сюды’. Кіпарскі (ВЯ, 1966, 5, 135) узводзіць да мотать ’матаць’. Прыймальным можа быць меркаванне Махэка₂ аб сваяцтве прасл. metelь з літ. petelìškė і лат. petelīgs, калі прызнаць мену губных p/m. Трэба адзначыць яшчэ, што ў слав. гаворках існуе вялікая колькасць і варыянтнасць назваў матылькоў, таму што цяпер яны ўжо не з’яўляюцца семантычна празрыстымі для гаворачых, і што часткова гэтыя назвы — табу: ёсць вераванні, быццам матылькі, асабліва начныя, увасабляюць розных злых духаў, ведзьм, нячысцікаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́рбалка 1 ’пузыр, баўдыр на вадзе’ (БРС, Бір. Дзярж., Некр., Сцяшк. МГ, Янк. II, Мядзв., Шат., Нас., Касп.), бурбо́лка (Бяльк.), бу́рбаліць ’дзьмуць у ваду, каб з яе выходзілі бурбалкі’ (Бір. Дзярж.), ’пускаць праз ваду бурбалкі’ (КЭС), бурбуле́ць ’моцна кіпець’ (Юрч.), бурбо́ліць ’булькаць’ (Касп., Нас.), бурба́ліць ’пузырыцца’ (Шат.). Рус. дыял. бу́рболка, бурбы́лка, польск. burbulka, burbułka. Лічыцца запазычаннем з літ. burbuliúoti, burbuolė̃, bur̃bulas (да этымалогіі балт. слоў гл. Фрэнкель, 1, 44–45 пад bir̃bti: усё гукапераймальнае). Варш. сл. 1, 235; Блесэ, SB, V, 11; Кіпарскі, Лекс. балтызмы, 13 (< лат. bur̂bulis); Лаучутэ, Лекс. балтызмы, 22. Але праблема больш складаная, чым думаюць, таму што ўся група слоў гукапераймальнага паходжання, і могуць існаваць незалежныя славянскія ўтварэнні (аб складанасці пытання гл. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 51; V (2), 1969, 160, 161).

Бу́рбалка 2 ’жоўтая вадзяная лілія’ (Шат.). Таго ж паходжання, што і бу́рбалка 1 (гл.). Назва гэтай кветкі часта ўтвараецца ад слоў са значэннем ’пузыр, баўдыр, глечык і да т. п.’ Параўн. глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, булдоўка, жбанкі і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмег ’расліна, Conium maculatum’, балігалоў плямісты’; ’блёкат’ (БРС), вобмегам (выйсці) ’бокам’ (Жд., 1). Рус. о́мег ’то’, о́мяк ’цыкута’, укр. о́мег, ц.-слав. омѣгъ ’ядавітая расліна, Lupicida’, польск. omieg, ст.-польск. omięg, omiażdżyła się owca ’аўца атруцілася цыкутай’, чэш. oměj, voměj, omih ’Aconitum’, славац. omich, omega, omeda ’тс’, славен. omej ’тс’. Прасл. *oměgъ звязана чаргаваннем з мігаць таму, што гэтыя (ядавітыя) расліны маюць адурманьваючае дзеянне (Мацэнаўэр, LF, 11, 352; Брукнер, 379). Назалізацыя ў польск. другасная насуперак Міклашычу (221). Гіпотэза Мяркулавай (ЭИРЯ, 3, 18–19), якая звязвае слав. oměgъ з лац. vomica ’рвотны’ і мяркуе, што гэта запазычанне з лац. vomitus ’рвота’ бел. і польск. мовамі, малаверагодная з фанетычнага пункту погляду і ў адносінах канкрэтнай гісторыі запазычанага слова (напр., польск. womitować, womitowy і бел. ваніты, воміт ’рвота’ не перацярпелі ніякіх змяненняў; б у бел. слове — вынік замены о‑ на об‑ пад уплывам народнай этымалогіі ў выніку ўспрымання о‑ як прыстаўкі. Параўн. омег і амежнік. Гл. таксама Фасмер, 3, 138; Махэк₂, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясня́нка 1 ’вяснушка на твары’ (ветк., Мат. Гом.), укр. весня́нки, рус. кастр., пск. веснянки ’тс’. Усходнеславянскае ўтварэнне, ад вясняны (гл.) < vesnьnъ і суф. ‑к‑а.

Вясня́нка 2 ’вясенняя песня’ (БРС), вяснянкі ’благавешчанскія вясеннія песні’ (Шн., 1), укр. веснянка ’вяснянка’, рус. веснянки ’вясеннія песні, якія спяваюцца ў карагодах ад благавешчання да ўзнясення’. Польск. wiośnianka. Новае запазычанне. Усх.-слав. лексема, утвораная ў выніку семантычнай кандэнсацыі выражэння вясенняя песня, як, напрыклад, чыгунка (< чыгуначная дарога).

*Вяснянка 3, весня́нка ’яравая пшаніца’ (Выг.). Да вясна́ (гл.). Утварэнне, аналагічнае да папярэдняга слова.

Вясня́нка 4 ’насякомае з сям’і Plecoptera’ (БРС). Запазычана, відаць, з рус. мовы. Названа так таму, што выхад з вады і вылет даспелых насякомых пачынаецца ранняй вясною.

Вяснянка 5 ’апенька’ (б.-каш., Мат. Гом.), відавочна, ’летняя апенька, Pholiota mutabilis’. Да вясна́ (гл.). У дадзеным выпадку вясна азначала ’вясна і лета’, таксама як у балт. мовах. І наадварот, у некаторых слав. гаворках (напр., сілезскіх) lato ’перыяд вясны і лета’. Утварылася шляхам семантычнай кандэнсацыі з вясняная апенька. Сюды ж вясьнянкі ’вясеннія апенькі’ (Інстр. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха 1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха 2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха 3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха 2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клапата́ць ’рупліва, старанна займацца чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ’дакучаць, назаляць’ (Нас.). Укр. клопотати ’рупліва займацца чым-небудзь’, рус. клопотать ’тс’, польск. kłopotać ’дакучаць, назаляць’, чэш. klopotati ’надрывацца на рабоце’. Іншыя, мабыць, першасныя значэнні: чэш. klopotati, ’спяшацца, бегчы, калаціць’, славац. klopotať ’стукаць’, н.-луж. kłopotaś ’калаціць’, балг. клопотя ’грымець’, серб.-харв. клопо̀тати ’тс’, славен. klopotáti ’стукаць’, ст.-рус. клопотати ’шумець, грымець, стукаць, злавацца’. Геаграфія лексем і іх значэнняў сведчыць аб тым, што другаснае значэнне клапатаць, якое збераглося ў беларускай мове, ахоплівае арэал, што ўключае польскую, беларускую, украінскую і ў меншай меры рускую мовы (у апошняй — заходнюю частку арэала). Таму можна меркаваць аб польскай крыніцы. Пры гэтым пранікнуць мог назоўнік клопат, а вытворныя ад яго маглі ўзнікнуць на ўсходнеславянскай глебе незалежна ад польскай. З пункту погляду прамоўнай рэканструкцыі прасл. klopotati (як klokotati) як гукапераймальны дзеяслоў узнікла ад прасл. klopotъ < klop‑otъ < klopati (балг. клопам, серб.-харв. кло́пати, славен. klópati ’стукаць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апу́ка 1 ’самаробны мяч і гульня з ім’ (БелСЭ, ЭШ), апока (Грыг., 241). Рус. зах. смал., бранск. опука, апука ’тс’, укр. опука ’мяч’, ’выпуклая часціна, напрыклад, у бочкі’. Утворана ад дзеяслова *опукати ’станавіцца выпуклым, надувацца’ па ўзору аплата, асада і г. д. Параўн. укр. опук ’выпукласць’, опукий ’выпуклы’, бел. выпуклы, пучыць і г. д. Супрун, Веснік БДУ, 1970, 1, 82–83.

Апу́ка 2 ’лісце жыта на пэўным этапе развіцця’ (запіс Л. Ц. Выгоннай — аршан., Г. Ф. Вештарт — мядз.). Рус. смал. апук ’тс’. Для ўтварэння гэтага слова важны дзеяслоў распукнуцца (слуц., староб., кап. — вусн. паведамл. П. П. Шубы) пра вішні, яблыні і г. д., калі лопнулі покаўкі і хутка з’явяцца кветкі. Апука — пераход ад этапа пер’я, калі расліна тоненькая, да красавання, калі расліна ператвараецца ў пук, г. зн. у больш выпуклую форму; таму, як і апука 1, гэта слова ўтворана, пэўна, ад дзеяслова *опукати, які меў яшчэ і такое адценне значэння, якое давала яму магчымасць характарызаваць расліну.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атэі́ст (БРС), атэі́ста (Нас.), атеисты з 1597, Гіст. мовы, 1, 307; Гіст. лекс., 220. Рус. атеист 1726, аѳеист 1718 (Біржакава, Очерки, 344; Фогарашы, Beiträge, 34). Атэіст Булыка выводзіць з ням. Atheist, афеист — з ст.-грэч. ἀθεία. Паводле Краўчука, ВЯ, 1968, 4, 123, украінскае з захаду (праз польскую). Рус. атеист, паводле Смірнова, цытаванага Фасмерам, 1, 95, з ням. Atheist; паводле Нардстэта (у якога слова ўпершыню трапляе ў слоўнік), цытаванага Шанскім, 1, А, 170, з франц. athéiste; паводле Біржакавай, Очерки, 344, з ням. Atheist < грэч. ἄθεον непасрэдна і праз украінскую. У старапольскай мове не зафіксавана, таксама як і ў грэчаскай; таму думка пра лацінска-нямецкую крыніцу, верагодна (звычайна на грэчаскай базе), з папраўкай на тое, што ў рускай не толькі праз украінскую, але і праз беларускую. Французскае слова магло толькі садзейнічаць замацаванню слова ў рускай. Паколькі ў беларускай мове фіксуецца ў канцы XVI, XVIII, XIX стст., верагодна, што сучаснае слова працягвае старабеларускую традыцыю. Форма ў Насовіча, відаць, адлюстроўвае звычайную для слоў на ‑іст‑а мадэль польскага паходжання. Гл. атэізм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Краса́ 1 ’хараство, прыгажосць’ (ТСБМ, Шат., ТС). Укр. краса, ст.-рус. краса ’тс’, ст.-слав. краса ’тс’, ст.-польск. krasa, чэш. krasa, славац. krasa, в.-луж. krasa, н.-луж. krasa ’тс’. На ўнутраную форму прасл. krasa пралівае святло этымалогія, якая звязвае гэту лексему з прасл. krěsъ (Ваян, Зб. Младэнаву, 284–285). Прасл. krasa на падставе пашыранага пераважна абстрактнага значэння ’прыгажосць’ і канкрэтнага ’чырвоны колер’ рэканструявалася ў гэтым значэнні. Пры параўнанні з прасл. krěsъ (рус. крес ’ажыванне, адраджэнне’, серб.-харв. кре̏с ’Іванаў дзень’) была звернута ўвага на тое, што krasa (параўн. лац. cresco ’вырошчваю’) магло першапачаткова абазначаць ’колер жыцця, ажыўленне’. Канкрэтнае значэнне для краса і краска 1 (гл.) не захавалася на беларускай глебе таму, што прасл. krěsъ было выцеснена ўсходне-славянскай інавацыяй Купала (гл.). Прасл. krasa страціла ў гэтым рэгіёне сакральнае значэнне (Мартынаў, Лекс. Палесся, 29–30). Параўн. агляд іншых этымалогій у Трубачова, Эт. сл., 12, 95–97.

Краса́ 2 ’цвіценне злакавых раслін’ (Сл. паўн.-зах., ТС, КЭС, лаг., Клім.). Гл. краса 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апляву́ха (БРС), апляву́х (Федар., 6, 64), апляву́шына (Клышка, Пол., 1969, 2, 251), пляву́ха (Бяльк.). Рус. оплеу́ха (у слоўніках з 1731 г.), оплеу́шина, оплеу́шить. Першаснае значэнне, магчыма, не ’ўдар’, а дзеянне ці вынік аплявання — выраза знявагі да чалавека; утворана, як заціраць — заціруха, ад апляваць. Параўн. у рус. слоўніку першай палавіны XVIII ст.: оплевати «слинами заплевати, чином уничтожити, презрити» (Рукоп. лексикон, 242). Таму ‑в‑ не ўстаўное, як лічыў Карскі, прымаючы этымалогію Міклашыча, 71, аб паходжанні слова ад вуха. Сабалеўскі (Лекции, 142) больш дакладна ўказвае на выпадзенне ‑в‑ у рускай літаратурнай мове. Тлумачэнне слова ад апляваць праз звычай пляваць на руку перад тым як ударыць, якое прымае Фасмер, 3, 145, спасылаючыся на Брандта РФВ, 25, 33 наст., непатрэбна. Праабражэнскі (1, 653) зводзіць слова да пляваць і бляваць (даючы дыял. облеуха) без удакладнення семантычнага ходу ўтварэння слова, указваючы, што сувязь з вуха — другасная. Формы тыпу поўха, поўшына (Бяльк.) указваюць на магчымасць народнаэтымалагічнай сувязі са словам вуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)