адзначыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Зрабіць знак на чым‑н. з мэтай паказаць на што‑н.; абазначыць. Адзначыць у плане выкананыя мерапрыемствы. Адзначыць камандзіроўку. ▪ Мы набліжаліся да крыніц. Праклятых, іх нават не адзначылі на самых падрабязных вайсковых картах-кіламетроўках. Карпюк. // Будучы знакам, абазначыць, вылучыць. — Вяху!.. Вяху садзі!.. — крычыць здалёку Жэнька. — Вяху... Яна ля зломанай бярозы. Вяхой адзнач! Пташнікаў.

2. Запісаць, паставіць адзнаку для ўліку, для рэгістрацыі. — О, значыць, вы халасцяк! — нібы ўзрадаваўшыся нечаму, усклікнула.. [Раіса Пятроўна]. — А чаму вы пра гэта ў дамавой кнізе не адзначылі? Ракітны.

3. перан. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н.; заўважыць, прыкмеціць. «Значыць, ужо не Дануся, а Данута!» — адзначыў я сабе. Карпюк. // Звярнуць увагу на што‑н.; зазначыць. І яшчэ, што можна адзначыць з мінулага дзеда Талаша, дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Колас.

4. Вылучыць сярод іншых за якія‑н. заслугі (падзякай, узнагародай і пад.). Адзначылі іх усенародна, І іх так узрушыў той стан: Была ім [майстрам] прысвоена годнасць Пачэсных байцоў-партызан. Колас. Таму было б варта райкому На дошцы на мемарыяльнай Адзначыць удзельнікаў гэтай Будоўлі, патрэбнай і слаўнай. Танк.

5. Ушанаваць чым‑н. якую‑н. дату, падзею. Адзначыць свята поспехамі ў працы. ▪ Партызанскі атрад вырашыў адзначыць свята Кастрычніка разгромам нямецкага гарнізона. Васілеўская.

6. Вызначыць, выявіць. І трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ялінкі. Колас.

•••

Нельга не адзначыць — нельга не звярнуць увагі, нельга не нагадаць.

Трэба адзначыць — трэба звярнуць увагу, трэба нагадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)