Друк1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́карНас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)