мяшаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Размешваць, перамешваць што‑н., боўтаючы, пераварочваючы лыжкай, мешалкай і пад. Мяшаць кашу. ▪ — Узяла датаўкла б проса, чым дарэмна бегаць па хатах, — мяшала .. [маці] рукой у ступе напалавіну стоўчанае проса і адначасова адчытвала дачку. Васілевіч. Бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам. С. Александровіч.

2. што. Змешваць, злучаць у адно што‑н. разнароднае. Мяшаць цэмент з пяском. Мяшаць салому з канюшынай. // што і без дап., каму. Замешваць корм для жывёлы. Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла і раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку. Крапіва. // што. Перамешваючы, парушаць парадак. Мяшаць карты.

3. перан.; каго. Разм. Уцягваць, умешваць, ублытваць у што‑н. — А ты мяне, калі ласка, — сказаў.. [Міхась], — у гэтую кампанію не мяшай. Я кроў праліваў за Савецкую ўладу. Брыль.

4. што і без дап. Разм. Пераворваць паўторна. Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку. Баранавых. Аралі свой папар Амяльян і Рыгор, а там яшчэ далей іх мяшаў ворыва Вінцэсь. Нікановіч.

мяшаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і перашкаджаць. Маці адвярнулася і прашаптала: — Нелюдзь... Яму ўсё мяшае... Сачанка. А мамка заўсёды мяне адганяе, калі я да стала падбіраюся. Не мяшай, кажа. Даніленка.

•••

Не мяшае (не мяшала б) — трэба; трэба было б. Ядзя кіўнула на Янушка. — Гэта таму не мяшала б даць добрую праборку, хто кожны дзень п’яны. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)