ПЕЛІКА́Н (Венцаслаў Венцаслававіч) (11.9.1790, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 21.6.1873),

расійскі і бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р медыцыны (1816). Скончыў Пецярб. медыка-хірург. акадэмію (1813). З 1817 праф., з 1826 рэктар Віленскага ун-та. У 1831—37 інспектар Мін-ва ўнутр. спраў у Пецярбургу. У 1851—64 прэзідэнт Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, у 1865—70 старшыня дзярж. мед. савета. Навук. працы па лячэнні анеўрызмаў.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НЯ (Ігар Аляксандравіч) (н. 29.10.1952, г. Астрахань, Расія),

бел. эстрадны спявак, музыкант (клавішныя інструменты). Засл. артыст Беларусі (1990). Скончыў муз. вучылішча (1973) у г. Днепрапятроўск (Украіна). З 1980 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 — «Беларускія песняры» пры дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». У рэпертуары бел. народныя песні, творы сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанок, У.​Мулявін, А.​Іваноў, А.​Казловіч і інш.), кампазітараў.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРЫНЕ́НКА (Дзіяна Ігнацьеўна) (н. 8.11.1930, с. Белавусаўка Драбаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1975). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1955). З 1955 салістка капэлы «Думка», у 1962—87 — Кіеўскай філармоніі. З 1961 выкладае ва Укр. акадэміі музыкі (з 1985 праф.). У рэпертуары творы ўкр. кампазітараў, укр. і рус. нар. песні, арыі з опер. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1972.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Тур, на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і Мазырскай занальнай дзярж. сортавыпрабавальнай станцыі. За 9 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 142 км ад Гомеля. 812 ж., 312 двароў (2000). Т-вы з абмежаванай адказнасцю «Лотас» і «Крыніца». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СМУСЕН ((Rasmussen) Поўль Нюруп) (н. 15.6.1943, г. Эсб’ерг, Данія),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вывучаў грамадска-паліт. і эканам. навукі. Працаваў эканамістам у сістэме дацкіх прафсаюзаў. З 1988 дэп. фолькетынга, з 1990 старшыня яго эканам. к-та. З 1987 нам. старшыні, з 1992 старшыня С.-д. партыі. Са студз. 1993 прэм’ер-міністр Даніі (перавыбраны ў вер. 1994 і ў сак. 1998). Садзейнічаў уступленню Даніі ў Еўрап. саюз.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПЛЕ́ЦІН (Аляксандр Андрэевіч) (25.8.1908, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 8.3.1967),

расійскі вучоны і канструктар у галіне радыётэхнікі і электронікі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Ленінградскі эл.-тэхн. ін-т (1936). З 1930 у розных НДІ, праектных арг-цыях і ўстановах АН СССР. Навук. працы па радыётэхніцы, электроніцы і стварэнні тэлевіз. апаратуры. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1958.

А.А.Расплецін.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЬКО́ (Платон Мікітавіч) (1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),

украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. У Вял. Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.​А.​Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш. літ. прэмія імя Л.​Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.​Глебкі, В.​Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.​Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.​Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.​Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.​Аўрамчык, Вітка, Н.​Гілевіч, М.​Калачынскі, Е.​Лось, М.​Танк, У.​Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1973.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД, гаспадарскі суд,

вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГЛЕ́БАЎ,

комплекс дзярж. і рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, паляпшэнні і рацыянальным выкарыстанні глебаў як найважнейшага кампанента зямельных рэсурсаў; састаўная ч. аховы прыроды.

Прадугледжвае вывучэнне працэсаў спусташэння, разбурэння і забруджвання глебаў, прагназаванне іх вынікаў, устанаўленне параметраў і пашырэнне, распрацоўку мер барацьбы і мерапрыемстваў па прадухіленні эрозіі глебаў, кірункаў і сродкаў павышэння ўрадлівасці і акультурвання глебаў, рэкультывацыі зямель, уключэнне малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г. абарот, дае навук. абгрунтаванне размяшчэнню розных тыпаў зямель, утварэнню сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, распрацоўку спец. глебаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантроль за выкарыстаннем угнаенняў і ядахімікатаў і інш.

На Беларусі ахова глебаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі зямельнага заканадаўства, інш. спец. пастановамі і нарматыўнымі актамі. Уведзены забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Функцыю кантролю мерапрыемстваў па ахове глебаў выконвае Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з залучэннем грамадскасці.

Т.​А.​Раманава.

Да арт. Ахова глебаў. Рэкультывацыя зямель. Культурная паша на былых тарфяніках у Пружанскім раёне Брэсцкай вобл.

т. 2, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст. керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦК КПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел. габелена.

Л.​Д.​Фінкельштэйн.

Вырабы Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)