ПАПО́Ў (Іосіф Сцяпанавіч) (21.9.1915, с. Сояна Мязенскага р-на Архангельскай вобл., Расія —31.1.1984),
бел. рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1970). Скончыў Архангельскае тэатр. вучылішча (1938), вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1938—40). Працаваў у т-рах Расіі. У 1947—48 рэжысёр Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1953 гал. рэжысёр Брэсцкага, з 1955 Гродзенскага, у 1966—74 Гомельскага абл.драм. т-раў, у 1963—65 Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1974—75 рэжысёр), у 1978—79 рэсп.т-ра юнага гледача. З 1976 выкладаў у Мінскім ін-це культуры (у 1976—77 заг. кафедры). Пастаноўкі вызначаліся ансамблевасцю, высокай рэж. культурай, тонкім Пранікненнем у драматургію твора, дэталёвай распрацоўкай характараў: у Брэсцкім т-ры — «Чайка» А.Чэхава (1954), «Жаніцьба» М.Гогаля (1977); у Гродзенскім т-ры — «Адна ноч» Б.Гарбатава (1957), «Улада цемры» Л.Талстога (1959), «Тры сястры» Чэхава (1960); у т-ры імя Я.Купалы — «Жывы труп» Талстога (1961); у т-ры імя Я.Коласа — «Дачнікі» М.Горкага (1964), «Лёнушка» Л.Лявонава (1975); у Гомельскім т-ры — «Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка (1968), «Жыццё ўсяго адно» А.Маўзона (1969), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1970), «Залатая карэта» Лявонава, «Першы грэх» А.Каламійца (абодва 1971), «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Даходнае месца» Астроўскага (абодва 1973); у Т-ры юнага гледача — «Пойдзем у кіно?» А.Алексіна (1978), «Жорсткія гульні» А.Арбузава (1979) і інш. Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з М.Пало, 1968), інсцэніровак аповесцей «Салавей» З.Бядулі (з Я.Рамановічам, 1955), «Рудабельская рэспубліка» С.Грахоўскага (1968), рамана «Подых навальніцы» І.Мележа (1978), пастаноўшчык гэтых твораў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.