Па́па1 ’вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан’ (ТСБМ). Рус., укр. па́па, ст.-рус. папа. З лац. pāpa ’тс’ < pāpa ’бацька’ (Міклашыч, 231; Праабражэнскі, 2, 13; Фасмер, 3, 200). Ст.-бел. папа з XV ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 235).

Па́па2 дзіцяч. ’хлеб’ (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), па́пка. Рус., укр. па́па, чэш. pápa, papa, славац. papa ’дзіцячая ежа’. Паводле Махэка₂ (432), з падвоенага дзіцячага па‑па. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa ’каша’, нов.-в.-ням. Pappe ’дзіцячая каша’, сяр.-в.-ням., гал., англ. pap ’каша’ (гл. Фасмер, 3, 200; там жа і інш. літ-ра).

Па́па3 ’бацька’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; Яшкін, Назвы). З рус. па́па ’тс’, якое, верагодна, з франц. papa. Слова дзіцячай мовы, якое набліжаюць да папа2 (гл. Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́вень, піэвень, піе́вянь, пе́вянь, пі́вэнь, пі́вінь ’самец курыцы’ (ДАБМ, к. 294; Сцяшк. Сл., Мядзв., Гарэц., Бяс., Мал., Шпіл., Шат., ТС), ’журавель’ (пін., КЭС; Дразд.), ’надзьмуты чалавек’ (шкл., Мат. Маг.), сюды ж пе́вень, пеўнік ’трэшчыны на лёдзе ад удару’ (ТС) з-за падабенства на хвост пеўня. Укр. пі́вень, рус. дыял. пе́вень. Бел.-укр. ізалекса (на рус. тэрыторыі лексема пашырана ў дыялектах, прылягаючых да бел. і ўкр. моўнай тэрыторыі). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень (< прасл. *‑enь) ад дзеяслова шматразовага дзеяння *pěv‑ati, які з *pěti, pojǫ > пець (гл.), адносна словаўтварэння гл. Вярхоў, Аб некат. асабл., 36. Значэнне ’журавель’, відаць, табуістычнае — процілеглае кантамінацыйнаму жу‑равельжораў і журба), звязанаму з паняццем ’журба, смутак’. Ст.-бел. певень: петуховъ певніовъ чотыры (1592) сведчыць пра першапачаткова ўдакладняючы характар назвы, аднак у Бярынды яны супрацьпастаўлены тэрытарыяльна: “волынски певень, литовски петухъ”, што наказвае на распаўсюджанне з поўдня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўня, по́вня, по́ўна, по́ўнае, по́ўная ’поўная фаза Месяца’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. Сл., Гарэц., Др.-Падб., Клім., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), по́ўняе ’поўня’ (Ян.; барыс., валож., рагач., бых., ЛА, 2), по́ўната ’поўня’ (Касп.; в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ; Шатал.), по́ўна ’поўня’ (ЛА, 2). Ад по́ўны (гл.), паколькі ў час гэтай фазы Месяц бачны поўнасцю. Лексема по́ўнік ’поўня’ (ТСБМ, Янк. 3., Мат. Гом., пух., Сл. ПЗБ) утварылася паводле назвы іншай фазы Месяца — маладзі́к. Тое ж у іншых індаеўрапейскіх мовах, параўн. рус. полнолу́ние, літ. pìlnatis ’поўня’ (< pìlnas ’поўны’), англ. full moon ’поўня’ (< full ’поўны’, moon ’Месяц’), франц. pleine lune (< plein ’поўны’, lune ’Месяц’). Паводле Німчука (Давньорус., 29), укр. по́вня ’тс’ абстрагавана са спалучэння месꙗц въ пълнѣ (суч. місяць уповні), у якім выступае М. скл. нячленнага прыметніка м. р., што зусім не абавязкова на фоне прадуктыўных утварэнняў тыпу ро́ўня і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяту́х ’певень’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; віц., Жыв. НС; віл., дзятл., брасл., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Сцяц., Сцяшк., Сержп., Ян.), ст.-бел. петухъ ’тс’; у ВКЛ Бярында лічыў слова характэрным для гістарычнай Літвы, г. зн. паўночна-заходняй Беларусі: волынски — певень, литовски — петухъ (Лексиконъ, 11). Больш поўны малюнак распаўсюджання назвы на беларускай моўнай тэрыторыі гл. Жыв. св., 52; на тэрыторыі Украіны, Расіі і Польшы гл. Фалінска, Leksyka hodowli, 1, 62–63. Сюды ж таксама памянш.-ласк. формы пе́ця, пе́цька (гл.). Параўн. адзначанае яшчэ Ягічам харв. чак. petèh ’тс’; а таксама petȅh (Црэс), славен. pẹ́teh ’тс’ (Слаўскі, Slavica, 99); харвацкія формы Борысь (Czak. stud., 152) разглядае як праславянскія дыялектызмы ці вытворныя ад праславянскіх слоў. Адносна славенскага слова гл. Бязлай, 3, 30. Вытворнае ад *pěti ’спяваць’ (гл. пець) з рэдкім суфіксам ‑uxъ, параўн. пасту́х ад пасці ’пасвіць’ (параўн., Фасмер, 3, 253).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткач ’рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Уладз.; кобр., Яшк. Мясц.; Арх. Вяр.), ст.-бел. ткачъ ’тс’ (1518 г., КГС), сюды ж тка́чка ’ткалля’ (Жд. 1, Мат. Гом., Уладз.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прадзільшчыца’ (лід., Сл. ПЗБ), ткачы́ха ’ткалля’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Уладз., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. ткач ’той, хто тчэ’, польск. tkacz, славац. tkáč, н.-луж. дыял. tkac, серб.-харв. ткач, балг. тъка́ч, макед. ткаеч ’тс’. Прасл. *tъkačь nomen agentis ад *tъkati (гл. ткаць1), лічыцца адносна познім утварэннем (Сяткоўскі, Słow. nazwy, 111). Звяртае на сябе ўвагу тка́чка ’прадзільшчыца’, у якім можна было б бачыць захаванне першаснага значэння *tъkati ’віць, звіваць’, параўн. Махэк₂, 644; шырокае ўжыванне назвы *tъkačьka: укр., рус. дыял. тка́чка, польск. tkaczka, славац. tkáčka, балг. тъка́чка, макед. дыял. тка́чка ’ткачыха’ сведчыць пра стары дэрыват ад *tъkačь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́мка ’баркун, Melilotus officinalis Lam.’ (Нас., Байк. і Некр., Кіс.), ’духмяны каласок; гандлёвая назва баркуну’ (Стан., Дэмб. 1, Мат. Гом.), ’баркун, Melilotus officinalis Desr.’ (Касп.), то́мка пахучая ’духмяны (пахучы) каласок, Anthoxanthum odoratum L.’ (Байк. і Некр., Кіс.), ’пахучакаласнік’ (Кіс.). Укр. дыял. то́мка ’пахучая трава Anthoxanthum odoratum L.; зуброўка, Hierochloë australis’, чэш., славац. tomka ’гладун, Herniaria glabra’, а таксама чэш., славац. tomkovice ’гладун’, рус. дыял. томкови́ца ’тс’. З польск. tomka, tonka ’пахучая трава’, у тым ліку ’пахучы каласок’, ’зуброўка’ і інш., дыял. tomkownica ’гладун’, якія сталіся вынікам скарачэння і дээтымалагізацыі tonkobób, tonkowy bób, tonkowe ziarna ’экзатычная расліна Dipteryx’. Назва скалькавана з ням. Tonkabohne ’боб тонкі’, Tonkabaum ’Dipteryx odorata’ — назвы расліны, чые размолатыя плады дадавалі да табакі дзеля прыемнага паху. Польск. tonka, tonka wonna трансфармавалася ў tomka і было перанесена на іншыя пахучыя расліны (Махэк₂, 647; Слупскі, Зб. памяці Слаўскага, 352–353; ЕСУМ, 5, 596).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́лі-ты́лі — пра ігру на гармоніку (мсцісл., Нар. лекс.), пра ігру на скрыпцы (Шат.): тылі́‑тылі́ скрыпачка — прыпеўка ў казцы (Кліх, Пятк. 3), тылі́ ‘гулі, забавы’ (полац., Волк.), тылі́‑тылі́‑тылі‑лі́, каб капустку улілі́ — рыфмаванка (барыс., Дзіц. фальклор). Параўн. укр. тілі́, тілілі́ ‘тс’. Гукапераймальныя імітатывы. Ад іх утвораны тылі́каць, тылілі́каць — пра ігру (часцей за ўсё няўмелую) на музычным інструменце (ТСБМ, Мат. Маг., Шат.), ‘тромкаць, дрынкаць’ (Мат. Гом.), тылілі́каць ‘спяваць песню без слоў’, ‘дакучаць спевамі’ (Янк. 2, Мат. Маг.). Сюды ж з нарашчэннямі тылілі́каць ‘спяваць без слоў’ (Сцяшк. Сл.), тылілі́мкаць ‘няўмела іграць, пілікаць’ (ТС). “Звонкі” варыянт ды́лі‑ды́лі: ды́лі‑ды́лі, скрыпачка (Федар. 2), які Карскі (Труды, 395) звязваў з літ. dilinti ‘церці, шараваць’, dilti ‘знішчаць трэннем’, што няпэўна. Відаць, незалежнае ўтварэнне тылі́‑тылі́ — падзыўныя для кароў (ДАБМ, камент., 895), магчыма, узыходзяць да дыялектнай назвы цяляці, параўн. тылюк, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.

П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.​Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.

На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл. Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка «Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.

Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш. Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.

Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1998
Кнігі і брашуры
Колькасць кніг і брашур (адзінак) 3431 2823 3205 6073
Тыраж, млн. экз. 53,3 54,9 62,9 60,0
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 793,7 945,5 865,9 1052,7
Часопісы і інш. перыядычныя выданні
Колькасць часопісаў і інш. перыядычных выданняў 107 129 225 318
Гадавы тыраж, млн. экз. 35,1 54,1 11,5 14,7
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 152,3 256,5 59,6 70,9
Газеты
Колькасць газет (выданняў) 212 224 494 580
Разавы тыраж, млн. экз. 4,6 5,7 8,5 10,5
Гадавы тыраж, млн. экз. 839 985 601 659

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Норт ’цячэнне; паглыбленне, вір на павароце ракі’ (Сл. ПЗБ), ’паўвостраў, які ўтварае рака, мяняючы напрамак свайго цячэння’ (карэл., З нар. сл.), ’неглыбокае месца ў рэчцы, дно якога ў карчах’ (навагр., Нар. лекс.), ’спакойная частка ракі ў вілейскіх плытагонаў’ (JP, 64, 31), ’калена ў рацэ’ (астрав., ул. інф.), ’фарватар ракі; месца, якое агібае рака’ (гродз., Яшк.), ну́орт ’глыбокае месца на павароце ракі’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. нуртъ ’цячэнне’ (1603). Запазычанне з польск. nort, nurt ’цячэнне, стрыжань, быстрак у рацэ’, дыял. nort, nord, nórt ’куток, канец, край, узлесак’, ст.-польск. nurt, nurta ’яма, пячора і пад.’ (Булыка, Лекс. запазыч., 138; Бяднарчук, JP, 64, 31–32), пра што сведчыць у першую чаргу лінгвагеаграфія. Аднак славен. Nart, Narteназвы правалаў’, якія Бязлай звязвае з польск. nort, што суадносіцца з літ. nàrtas ’кут, вугал’ (Бязлай, 2, 215), дае падставы лічыць беларускія словы даўнімі ўтварэннямі ад прасл. *nor‑ (*ner‑, *nьr), гл. нара́, пану́ры (параўн. Брукнер, 366).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ня́нька1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)