Марша́лак ’дружка, які кіруе вясельнай цырымоніяй’, ’галоўная асоба ў таварыстве’; смарг., гродз. маршалка ’дружка’, валож. ’шафер у жаніха’, пін., кам., тур. маршалок ’тс’ (ТСБМ, Кольб., ТС, Яруш., КЭС, Нас., Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк., Назвы; КЭС, лаг.; віл., З нар. сл.), ст.-бел. маршалокъ, маршалко, маршалекъ, моршалокъ ’прыдворны высокага рангу; павятовы кіраўнік дваранства’ (XV ст.), запазычаны са ст.-польск. marszałek, якое з с.-в.-ням. marschalc ’стайнік, канюшы’ (Чартко, Пыт. мовазн. і метад., 117; Жураўскі, Бел. мова, 61; Булыка, Лекс. запазыч., 25; Кюнэ, 76). Сюды ж маршалі́ца ’дружка нявесты’ (валож., Жыв. сл.), марша́лка ’старшая дружка’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)