Рэ́ўцянь 1 ’расліна каля рэчкі з тоўстым пустым у сярэдзіне ствалом’ (Бір. Дзярж.). Па апісанні падобна, што гаворка ідзе пра баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi). Паколькі сок расліны можа выклікаць апёкі скуры чалавека, можна дапусціць паходжанне назвы ад раўці (гл.), параўн. яшчэ рэвоцень ’плакса’. Семантычная паралель у рускай мове: крикун, крыкун ’расліна Cicuta virosa L.’, гэтай раслінай часта атручваюцца буйныя рагатыя жывёлы, беларуская назва шалей (гл. шал).
Рэ́ўцянь 2 ’бадзяга’ (Сцяшк. Сл.). Высушаная расліна — народны сродак ад рэўматычных і іншых боляў. Відавочна, ад раўці (гл.), таксама гл. рэўцянь 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)