ілю́вій, ‑ю, м.
Спец. Мінеральныя і арганічныя рэчывы, вымытыя вадою з верхняй часткі глебы і адкладзеныя ў яе ніжняй частцы.
[Ад лац. illuvies — разліў, намыўная гразь.]
ілювія́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да ілювію.
ілюзі́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ілюзіі.
•••
Ілюзійнае мастацтва — эстрадна-цыркавы жанр, які заключаецца ў паказе нумароў, заснаваных на падмане зроку або на ўменні артыста своечасова адцягнуць ад чаго‑н. увагу гледачоў.
ілю́зія, ‑і, ж.
Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.
[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]
ілюзіяні́зм, ‑у, м.
1. Антынавуковы суб’ектыўна-ідэалістычны светапогляд, згодна якому матэрыяльны свет з’яўляецца ілюзіяй.
2. Від цыркавога і эстраднага мастацтва, заснаваны на ўменні артыста пры дапамозе спецыяльнай апаратуры ствараць уражанне «цудаў» (знікненне або з’яўленне прадметаў, людзей і пад.).
[Ад фр. illusionner — уводзіць у зман.]
ілюзіяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Паслядоўнік ілюзіянізму (у 1 знач.).
2. Цыркавы і эстрадны артыст, які валодае майстэрствам ілюзіянізму (у 2 знач.); фокуснік. Дакладна і без напружання выступаў з запаленымі цыгарамі ілюзіяніст. «Беларусь».
ілюзіяністы́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ілюзіянізму (у 1 знач.). Ілюзіяністычная філасофія.
ілюзіяні́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ілюзіяніста.
ілюзо́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ілюзорнага. Ілюзорнасць надзей. Ілюзорнасць поспехаў.
ілюзо́рны, ‑ая, ‑ае.
Створаны скажоным уяўленнем, заснаваны на ілюзіях; уяўны, несапраўдны. Ілюзорныя мары. Ілюзорнае шчасце.