Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шо́рах, ‑у, м.

1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.

2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.

шо́рац,

гл. шорцы.

шорг, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шоргаць — шоргнуць. Сядзеў ціхенька, а потым — шорг нагой.

шо́рганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. шоргаць (у 1–3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Ляснік] пайшоў па слядах і неўзабаве пачуў шорганне касы. Шчарбатаў. [Марыля] таксама прыслухоўваецца да шоргання рубанка і раз за разам паглядае на мужа. Дуброўскі.

шо́ргат, ‑у, М ‑гаце, м.

1. Слабы, невыразны шум ад руху, трэння аднаго прадмета аб другі. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукам: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. Хачу паслухаць Шум сівых бароў І пахадзіць прасекаю лясною, Спыніцца над Бярозаю-ракою, Паслухаць шоргат сініх чаратоў. Свірка.

2. перан. Тое, што і шорах (у 2 знач.). Алаіза раптам ясна ўявіла, як дамавіну з яе целам апускаюць у сырую, халодную зямлю. Аж шоргат прайшоў па целе. Арабей.

шо́ргацца, ‑аецца; незак.

Шаравацца, церціся аб што‑н. Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменне. Бядуля. Ішлі яны [Міканор з Хрыстафорам Ігнатавічам] удвух паціху, і месцамі іх адзежа шоргалася аб жорсткую кукурузу. Кулакоўскі.

шо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць шоргат, шорах, тручы, праводзячы чым‑н. па якой‑н. паверхні. Глуха шоргалі шыны легкавых машын. Асіпенка. За кухоннай занавескай недзе ў печы цяжка шоргае днішча чыгуна, і па хаце разносіцца пах варонай бульбы. Палтаран. // Разм. З шумам, шоргатам праводзіць чым‑н., рухацца па якой‑н. паверхні. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч. Каля ганка Кашалёк доўга шоргаў падэшвамі сандалетаў па металічнай рашотцы, паглядаючы на запыленыя Каціны чаравікі. Парахневіч.

2. Хадзіць, не падымаючы ног. Уперадзе мяне шоргаў ботамі па пыльнай дарозе Косця Лапушок. Даніленка. Шнапс шоргае лапцямі па зямлі, ногі заплятаюцца. Навуменка. // Зачэпліваць чым‑н. за што‑н. [Старшыня] грозна праходзіць сюды-туды паўз самых паліцаяў, ледзь не шоргае плячом па іх насах, зазірае кожнаму ў вочы. Кулакоўскі.

3. Мацаць, абмацваць рукой што‑н., шукаючы што‑н. У цёмных сенцах, перад хатнімі дзвярыма, Камека моцна стукаў аб падлогу ботамі, каб не занесці ў хату снегу, а рукой шоргаў па дзвярах, шукаў клямкі. Галавач.

4. Скрэбці, церці, удараць і пад., утвараючы шоргат, шапаценне. Увечары закруціла мяцеліца. Падняла ў паветры снежны пыл, шоргала крупчаком па платах, па сценах будынкаў, толькі б паказаць неўгамонную чортаву сваю сілу. Ермаловіч. Ільдзінкі біліся ў шыбы, шоргалі, нібы просячыся ў хату. Ваданосаў. // Перамяшчаючы, перасоўваючы што‑н. з месца на месца, утвараць шум.

5. Моцна з шумам ліць (пра дождж). Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, махалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка.

шо́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шоргаць.

шо́рка,

гл. шорцы.

шо́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шорцаў, які належыць, уласцівы ім. Шорская мова.