шво, ‑а, н.
1. Месца злучэння сшытых кавалкаў тканіны, скуры і пад. Парвацца ў шве. // Спосаб шыцця, вышыўкі. Няроўнае шво. Сцябліністае шво. □ Усё гэта [адзенне] было пасшывана суровымі ніткамі, шво скрозь было буйное, раскідзістае. Чорны.
2. Месца злучэння частак чаго‑н. Шво цаглянай кладкі. // У тэхніцы — месца шчыльнага змацавання зваркай, кляпаннем і пад. асобных частак якіх‑н. канструкцый, збудаванняў і пад. Шво шырокае, заўважае Павел Клімко, тарэц крыху змешчаны з восі бэлькі. Мыслівец. // У хірургіі — месца сшывання краёў раны рассечанай тканкі. Разышліся швы.
•••
Рукі па швах гл. рука.
Трашчаць па ўсіх швах гл. трашчаць.
Трымаць рукі па швах гл. трымаць.
шво́ран, ‑рна, м.
Жалезны стрыжань, які з’яўляецца вертыкальнай воссю перадка павозкі або паваротнай часткі лакаматыва, аўтамабіля і пад., што забяспечвае паварот на хаду. Конь звярнуў з дарогі, усцягнуў калёсы на пень, сарваў са шворна цялежкі і пакінуў драбіны з Петрусём сярод лесу. Колас. Падгоняць пад кузню благія калёсы — Атосы на гора, Пакрыўлены шворан, Разбіты драбіны Ды колы без шынаў. Броўка.
шво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Абл. Вяровачка, павадок. Міход выняў з кішэні ключ, навязаны на звычайную канапляную шворку. Сабаленка.
шво́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Абл. Корпацца, поркацца. Толькі ў сваім куту шворыўся і шамацеў не то паперай, не то плашч-палаткай Майсей, укладваючыся спаць. С. Александровіч.
шво́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Абл. Вадзіць рукой, мацаць, вышукваючы што‑н. Мы доўга шворылі там рукою, прыслухоўваючыся, ці не гарачае збожжа. Скрыган.