шва́бра, ‑ы, ж.
Род мятлы з мачалы, вяровак і пад., уробленых у драўляную калодку (выкарыстоўваецца для мыцця падлогі). [Матросы] завіхаліся са шлангамі, з вёдрамі вады і швабрамі, чысцілі, мылі, надрайвалі палубу і сцены надпалубных будынін. Лынькоў.
[Ням. Schwabber.]
шва́бскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да швабаў, які належыць, уласцівы ім. Швабскае паходжанне.
шва́бы, ‑аў; адз. шваб, ‑а, м.; швабка, ‑і, ДМ ‑бцы; мн. швабкі, ‑бак; ж.
Абласная група нямецкага насельніцтва былога герцагства Швабія.
шва́гер, ‑гра, м.
Брат жонкі або муж сястры ці швагеркі. Застаўся ў тыле — дзейны і жывы — Юхімаў швагер і аднавясковец. Астапенка. Ніну паставілі зменшчыцай да сваяка — швагра Васіля Вяляўскага. Кухараў.
[Ням. Schwager.]
шваге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жончына сястра. Здалёк, як з-за сцяны ўсё роўна, далятаў да Рыгора голас швагеркі. Лецка.
шва́гра, ‑а, м.
Разм. Тое, што і швагер. — Садзіся, Лобук, садзіся! — смяяўся высокі, відны сабою, шыракаплечы Курульчук, швагра панны Марыны. Колас.
шва́граў, ‑ава.
Які належыць швагру. Я павёў Вальку дахаты, на шваграву сядзібу за ракой. Брыль.
швагру́сь, ‑я, м.
Разм. Тое, што і швагер. — Вось ты толькі, швагрусь, пакінь усякія цырымоніі ды садзіся трактуйся, — папрасіла Тадося. Гартны. Не прамінуў я і таго, як мяне Лопух паставіў нанач да свайго швагруся Архіпа Мікуця. Сабаленка.