тлум, ‑у, м.
Разм.
1. Адурэнне, замарачэнне. Нарэшце знік запал, знікла цікавасць, застаўся адзін балючы тлум у мазгах, быццам заліў нехта іх растопленым волавам. Зарэцкі.
2. Шум, гоман, сумятня. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Але імяніннік мае права не з’явіцца. Дый .. [Фадзееў], мусіць, сумысля нідзе не паказваецца, не хоча віншавальнага тлуму. Лужанін. Аніс узняўся і, махаючы шапкай, каб суцішыць тлум, на ўвесь голас закрычаў: — Можна і раней, чым за сем год, гэтага дасягнуць. Дуброўскі. У .. пакойчыку пахла друкарскай фарбай, сюды даносіўся той шматгалосы тлум, якім кожны дзень жыла рэдакцыя. Навуменка.
3. Шумлівы натоўп людзей. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас.
тлума́ч, ‑а, м.
1. Гіст. Асоба, якая выкарыстоўвалася для вуснага перакладу з замежнай мовы ў час размовы. // Службовая асоба, якая выконвала абавязкі перакладчыка ў час афіцыйных перагавораў.
2. Разм. Тое, што і тлумачальнік. Сымоніха з Лявоніхай .. пачынаюць гутарку. Мова іх на першы погляд здаецца самай простай .. Каб зразумець глыбокі сэнс гэтай мовы, патрэбен добры тлумач — іначай чалавек не пачуе праўдзівага смаку. Бядуля.
тлумача́льнік, ‑а, м.
Той, хто займаецца тлумачэннем, трактоўкай чаго‑н. А гэтыя старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі .. дзяды .. да душы падабаліся Лабановічу .. Гэта былі самавукі — аграномы, тлумачальнікі розных прыгод жыцця. Колас. [Раман Карпавіч:] — Піша-піша чалавек і раптам бачыць: не туды яго штурхнулі, не тое яму параілі, ды і наогул — які к чорту ён вучоны! Кампілятар, у лепшым выпадку — здольны тлумачальнік чужых думак... Шамякін.
тлумача́льны, ‑ая, ‑ае.
Які заключае ў сабе тлумачэнне, трактоўку чаго‑н. Тлумачальны слоўнік.
тлума́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад тлумачыць.
тлума́чыцца, ‑чыцца; незак.
Зал. да тлумачыць.
тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.
2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.
тлумачэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тлумачыць. // Тое або іншае разуменне, асвятленне чаго‑н., трактоўка. Тлумачэнне вобраза. □ Словы былі незразумелымі для Язэпкі, і ён стараўся .. даваць ім свой змест, сваё тлумачэнне. Бядуля.
2. Тое, што тлумачыць што‑н., памагае зразумець прычыну чаго‑н. Нарэшце .. [ляснік] знайшоў сваім паводзінам пераканаўчае тлумачэнне. Шчарбатаў.
тлумі́ць, тлумлю, тлуміш, тлуміць; незак., каго-што.
Разм. Марочыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам.
•••
Тлуміць галаву — марочыць, задурваць, пазбаўляць магчымасці разумна разважаць. Данік, пачынаючы з панядзелка, увесь тыдзень тлуміў мне галаву, каб у выхадны дзень мы селі на човен і падняліся да той памятай для яго пераправы. Краўчанка.