тлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. што. Даваць якое‑н. тлумачэнне чаму‑н.; раскрываць сэнс, сутнасць чаго‑н. Тлумачыць закон. Тлумачыць вучэнне. Тлумачыць слова. □ І як ні хітрыў .. [Лабановіч] сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. Колас. // Каменціраваць які‑н. твор пісьменніка, твор пісьменнасці. Тлумачыць «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. □ Народную легенду .. [Міровіч] успрымае і тлумачыць па-свойму. Сабалеўскі.

2. што і без дап. Асвятляць якое‑н. пытанне, дапамагаючы засвоіць, зразумець сэнс чаго‑н. Потым [Вера Адамаўна] пачала нячутна хадзіць па класе і вольна, без усякага напружання голасу, тлумачыць новую тэму па літаратуры. Ермаловіч. — Саўгас наш малады, — тлумачыў Іван Іванавіч рабятам, — можна сказаць, на голым месцы ўсё пачынаем. Даніленка. Захар Пятровіч паставіўся да .. [Міхася] уважліва: падрабязна тлумачыў яму, што для чаго служыць, і навошта тое ці іншае робіцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)