жмудзь, ‑і, ж.
Даўнейшая назва літоўскага племя жэмайты.
жму́дскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жмудзі, належыць ёй. Жмудскія землі.
жму́ркі, ‑рак; адз. няма.
Гульня, у якой адзін з удзельнікаў з завязанымі вачамі ловіць астатніх.
•••
Гуляць у жмуркі гл. гуляць.
Хоць у жмуркі гуляй гл. гуляць.
жму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Сціскаючы павекі, прыплюшчваць вочы. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам. Лынькоў. Аднойчы з калегам мы ляжалі на гарачым беразе і жмурыліся ад сонца, разглядаючы на гарызонце празрысты дымок парахода. Скрыган. // Прыплюшчвацца, прыкрывацца (пра вочы). Калі Павел на што-небудзь скардзіўся, вочы дзядзькі жмурыліся. Гроднеў. Ад нязвыклага зіхацення снегу самі жмурыліся вочы. Шамякін.
жму́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Сціскаючы павекі, прыкрываць, прыплюшчваць вочы. [Хлопчык] жмурыць вочкі ад святла. Шамякін.
жмут, ‑а, М жмуце, м.
Невялікі скрутак чаго‑н. Замест адказу Сцяпан дастаў з-за пазухі цэлы жмут паперак. Колас. [Міхалка] парваў жмут высокай травы, спехам перавязаў яе абрыўкам вяровачкі, і атрымаўся ладны венік. Якімовіч. Ракуцька паспеў даесці хлеб і скруціць у жмут пустую торбу. Чорны. // Звязак некалькіх аднародных прадметаў. Жмут вяровак. Жмут ключоў.
жму́так, ‑тка, м.
Невялікі жмут; тое, што і жмут. Жмутак травы.
жмуто́к, ‑тка, м.
Памянш. да жмут; невялікі жмут. Рэдактар сунуў у рукі Лабановічу жмуток доўгенькіх паперачак. Колас.