жме́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Памянш. да жменя; невялікая жменя. Аднойчы Ліпка нават не вытрымала: заўзята паплявала ў малыя жменькі, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла. Брыль. Тут жменька нас — салдат марской пяхоты. Ляжым. Не спіцца. Ноч. Імжыць імжа. Налева мора, ўперадзе мяжа. Зарыцкі.
жме́ня, ‑і, ж.
1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.
2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.
3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.
•••
Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.