д’я́бал, ‑бла, м.
У рэлігійных уяўленнях — злы дух, чорт, сатана. Айцец Мікалай — чалавек малады, і яго не-не ды часамі бухторыць д’ябал і прымушае заглядацца на прыгожых маладзіц. Колас. // Ужываецца як лаянкавае слова. — Ігналя, — дзе ты? — крычаў Міхалка. — А д’ябал яго ведае, дзе ён тут схаваўся. Бядуля. — Цімох, д’ябал, вушы паадрываю за такія жарты! — незласліва памахаў кулаком Мальчэўскі. Васілёнак.
д’я́бальскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да д’ябла. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. — Нешта бязбожніцкае, д’ябальскае, — гаварыла яна. Бядуля. // перан. Злосны, каварны. Д’ябальскі намер. □ Гаворыць Бушмар і з д’ябальскаю ўсмешкаю ідзе да .. [Вінцэнтага]. Чорны.
2. Незвычайны, дужа моцны. Д’ябальскі холад. □ [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона, што стаяў тут жа, .. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі.
д’я́бальшчына, ‑ы, ж.
Разм. (звычайна ў клічных выразах). Пра незразумелы збег абставін, недарэчнае становішча. — Што за д’ябальшчына: замок адкрыты, а дзверы не адчыняюцца. Прокша.