лі́вень, ліўня, м.
1. Моцны, праліўны дождж. За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем. Шашкоў. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі.
2. перан. Пра тое, што падае, рухаецца, сыплецца масай, вялікай колькасцю. Нас не было яшчэ зусім на свеце, Калі грымеў Аўроры залп, калі Пад ліўнем куль матросы і гвардзейцы Па штурм Палаца Зімняга ішлі. Гілевіч. Прырэчны арэшнік увесь дыміўся залатым пылам, вераб’і перасыпаліся буйным ліўнем са стрэх на гразкую вуліцу. Хомчанка.
лі́вер 1, ‑у, м.
Вантробы забойнай жывёлы (печань, лёгкія, сэрца і селязёнка) як прадукты харчавання. Купіць ліверу. Пірог з ліверам.
[Ад англ. liver — печань.]
лі́вер 2, ‑а, м.
Прыбор для набірання вадкасці ў выглядзе трубкі з расшырэннем пасярэдзіне.
[Ад лац. levare — паднімаць.]
лі́верны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліверу 1. Ліверны цэх. // Начынены ліверам. Ліверная каўбаса.
ліві́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Лівіі, лівійцаў, які належыць, уласцівы ім. Лівійская тэрыторыя. Лівійскае мастацтва.
ліві́йцы, ‑аў; адз. лівіец, ‑війца, м.; лівійка, ‑і, ДМ ‑війцы; мн. лівійкі, ‑віек; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Лівіі.
лі́га 1, ‑і, ДМ лізе, ж.
Саюз, аб’яднанне асоб, арганізацый, дзяржаў з грамадска-палітычнымі мэтамі. Ліга арабскіх краін (арганізацыя групы арабскіх дзяржаў, якая ўтварылася ў 1945 г.). Ліга Нацый (міжнародная арганізацыя дзяржаў, якая існавала ў перыяд паміж першай і другой сусветнымі войнамі).
[Фр. ligue ад лац. ligare — звязваць.]
лі́га 2, ‑і, ДМ лізе, ж.
У музыцы — знак у выглядзе дугі над нотамі, які абазначае, што патрэбна іграць звязна, складна, не адрываючы адну ноту ад другой.
[Ад іт. liga — сувязь.]
лігату́ра 1, ‑ы, ж.
Спец. Дапаможны сплаў, які дабаўляецца ў расплаўлены метал або сплаў для надання яму пэўных уласцівасцей. // Прымесь медзі ці волава да золата, серабра або плаціны для надання ім большай цвёрдасці.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
лігату́ра 2, ‑ы, ж.
Спец.
1. Абазначэнне адным пісьмовым знакам дзвюх ці больш літар.
2. Знак у выглядзе дугі, які звязвае дзве аднолькавыя ноты.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
лігату́ра 3, ‑ы, ж.
Спец. Нітка, якой перавязваюць крывяносныя сасуды пры аперацыі. Налажыць лігатуру. Зняць лігатуру.
[Сярэднелац. ligatura — сувязь ад лац. ligare — звязваць.]
лігату́рны 1, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да лігатуры 1. // Які змяшчае лігатуру 1, з лігатурай 1. Лігатурнае золата.
лігату́рны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да лігатуры 2. Лігатурны знак.
лігату́рны 3, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да лігатуры 3; прызначаны для яе. Лігатурны шоўк.