дапрацо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дапрацаваць.
дапрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. дапрацоўваць — дапрацаваць (у 1 знач.). Дапрацоўка рукапісу. Дапрацоўка праекта.
дапрызы́ўнік, ‑а, м.
Малады хлопец, які праходзіць папярэднюю падрыхтоўку перад прызывам на абавязковую вайсковую службу. — 15 гэтага месяца і гэтага года, значыць, паслязаўтра, — растлумачыў Сцёпка, — дапрызыўніку калгаса «Вясна» Максіму Чарнуку з’явіцца ў райваенкамат у г. Н. для адпраўкі ў часць... Каваль.
дапрызы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які папярэднічае прызыву на абавязковую вайсковую службу. Дапрызыўны ўзрост. Дапрызыўная падрыхтоўка.
дапрэ́ць, ‑эе; зак.
1. Даварыцца на невялікім агні; дастаткова ўпрэць. Мяса дапрэла.
2. Канчаткова сапсавацца ад вільгаці і цяпла; сапрэць. Сена дапрэла.
дапуска́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. дапускаць — дапусціць (у 4 знач.). Дапусканне дошак. Дапусканне рам.
дапуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дапусціцца.
2. Мець дазвол прыходзіць, уваходзіць куды‑н., да каго‑, чаго‑н., наведваць што‑н. Дзеці на вячэрнія сеансы ў кіно не дапускаюцца. □ Прыходзіць Паўлік да турмы. — Ніякія наведвальнікі сёння не дапускаюцца, — адказаў дазорца. — Прыйдзеш праз два дні. Сташэўскі.
3. Дазваляцца; быць прынятым. Часам дапускаецца дваякае напісанне слова.
4. Зал. да дапускаць.
дапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дапусціць.
дапусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
Дайсці да якога‑н. стану; апусціцца. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас.
дапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што і з дадан. дап.
1. Дазволіць прыйсці, увайсці, падысці куды‑н., да каго‑, чаго‑н.; падпусціць. Дапусціць у пакой. □ [Антоненка] думаў толькі аб тым, каб затрымаць бандытаў, не дапусціць іх да Літвінавіч. Шыловіч. // Даць дазвол займацца чым‑н., удзельнічаць у чым‑н. Дапусціць да экзаменаў.
2. Дазволіць што‑н. зрабіць, чаму‑н. адбыцца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Колас. // Дазволіць сабе. Дапусціць грубасць. Не дапусціць браку ў сваёй рабоце. Дапусціць памылку. // Дазволіць дайсці да якога‑н. стану. Марыя падалася бліжэй да Веры, каб уцешыць яе, не дапусціць да слёз. Кулакоўскі.
3. Палічыць за магчымае, верагоднае. — Гэта сын ад першай жонкі, — адказаў Шумейка. Спачатку я не паверыў сваім вушам. Не мог дапусціць нават думкі, каб гэты чалавек мог мяняць жонак. Дамашэвіч. // у знач. пабочн. Будзем лічыць магчымым. Дапусцім, усё пойдзе, як трэба.
4. Прыладзіць, падагнаць што‑н. да чаго‑н. так, каб дайшло, шчыльна прыстала. Дапусціць аконную раму.