дапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што і з дадан. дап.

1. Дазволіць прыйсці, увайсці, падысці куды‑н., да каго‑, чаго‑н.; падпусціць. Дапусціць у пакой. □ [Антоненка] думаў толькі аб тым, каб затрымаць бандытаў, не дапусціць іх да Літвінавіч. Шыловіч. // Даць дазвол займацца чым‑н., удзельнічаць у чым‑н. Дапусціць да экзаменаў.

2. Дазволіць што‑н. зрабіць, чаму‑н. адбыцца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Колас. // Дазволіць сабе. Дапусціць грубасць. Не дапусціць браку ў сваёй рабоце. Дапусціць памылку. // Дазволіць дайсці да якога‑н. стану. Марыя падалася бліжэй да Веры, каб уцешыць яе, не дапусціць да слёз. Кулакоўскі.

3. Палічыць за магчымае, верагоднае. — Гэта сын ад першай жонкі, — адказаў Шумейка. Спачатку я не паверыў сваім вушам. Не мог дапусціць нават думкі, каб гэты чалавек мог мяняць жонак. Дамашэвіч. // у знач. пабочн. Будзем лічыць магчымым. Дапусцім, усё пойдзе, як трэба.

4. Прыладзіць, падагнаць што‑н. да чаго‑н. так, каб дайшло, шчыльна прыстала. Дапусціць аконную раму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)