эйнштэ́йній, ‑ю, м.
Спец. Штучна атрыманы хімічны элемент трэцяй групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева.
[Лац. Einsteinium.]
эйфары́я, ‑і, ж.
Стан прыўзнятага настрою, бестурботнасці, здаволення, якое не адпавядае аб’ектыўным умовам.
[Грэч. euphoria.]
эйш, часціца.
Разм.
1. Ужываецца, каб звярнуць увагу, указаць на што‑н.: вось, глядзі і пад. Калі Марыля даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала: — Эйш, панюся знайшлася надта! Карона з галавы не звалілася б, калі цмокнула б лішні раз у панскую ручку. С. Александровіч.
2. Ужываецца для выражэння здзіўлення, незадавальнення, злосці (звычайна ў спалучэнні са словамі: «як», «які», «колькі» і пад.). [Рыгор:] — Дурань скажа! Я дурня і слухаць не буду. [Яўхім:] — Не будзе ён слухаць! Эйш, які разумны! Чорны. Ідзе немец лёгкім пружыністым крокам, высока ставіць ногі ў кароценькіх ботах з шырокімі халявамі. — Эйш, які рабы чорт, — гаворыць нехта ў мяне за спіною. С. Александровіч.
экагене́з, ‑у, м.
Гістарычны працэс змянення экалагічных уласцівасцей арганізма.
[Грэч. óikos — жыллё і genesis — паходжанне, узнікненне.]
экалагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да экалогіі. Экалагічны баланс прыроды. Экалагічныя ўмовы. □ Ад станоўчага вырашэння экалагічных праблем у значнай ступені залежаць дабрабыт цяперашняга і будучага пакаленняў, існаванне самой цывілізацыі. «Звязда». // Звязаны з умовамі навакольнага асяроддзя, якія ўздзейнічаюць на арганізм. Экалагічныя фактары. Экалагічная прыстасаванасць віду.
•••
Экалагічны крызіс — крытычны стан навакольнага асяроддзя, які пагражае існаванню людзей, выкліканы безгаспадарчым выкарыстаннем вады, паветра, глебы, расліннага і жывёльнага свету.
экало́гія, ‑і, ж.
Раздзел біялогіі, які вывучае ўзаемадзеянне жывёльных і раслінных арганізмаў паміж сабой і з навакольным асяроддзем.
[Ад грэч. óikos — дом, радзіма і logos — вучэнне.]
эканама́йзер, ‑а, м.
Спец.
1. Прыстасаванне для награвання вады ці паветра цеплынёй дымавых газаў ці адпрацаванай парай. Паветраны эканамайзер.
2. Прыстасаванне ў карбюратары рухавіка ўнутранага згарання, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры максімальнай пагрузцы.
[Англ. economizer.]
эканама́йзерны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да эканамайзера. Эканамайзерная камера.
эканаміза́цыя, ‑і, ж.
Уст. Тое, што і эканомія (у 1 знач.). Эканамізацыя працы.
эканамі́зм, ‑у, м.
Гіст. Апартуністычная плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху канца 19 — пачатку 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі. «Эканамізм» быў апартуністычнай плынню ў рускай сацыял-дэмакратыі. Яго палітычная сутнасць зводзілася да праграмы: «рабочым — эканамічная, лібералам — палітычная барацьба». Ленін.