Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

кампенса́цыя, ‑і, ж.

1. Аплата, узнагарода за якую‑н. работу; пакрыццё выдаткаў, страт і інш. Грашовая кампенсацыя. □ Паколькі ж адкупілася Староста ад жаніха занадта дарагой цаной, царква, у парадку, так сказаць, кампенсацыі, залічыла яе ў святыя. Краўчанка. // Выплата рабочаму або служачаму грашовых сум звыш зарплаты ў прадугледжаных законам выпадках. Кампенсацыя за нескарыстаны адпачынак.

2. Ураўнаважванне, выраўноўванне ў арганізме парушаных функцый шляхам іх нейтралізацыі. Кампенсацыя парока сэрца гіпертрафіяй.

3. Ліквідацыя знешніх уздзеянняў (тэмпературы, атмасфернага ціску і пад.) на работу дакладных механізмаў. Кампенсацыя компаса. Кампенсацыя маятніка.

[Лац. compensatio.]

кампетэ́нтнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць кампетэнтнага; дасведчанасць. Кампетэнтнасць меркавання. Кампетэнтнасць суда.

кампетэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Які мае дастатковыя веды ў якой‑н. галіне; дасведчаны. [Хадановіч], калі прызнацца, не надта быў кампетэнтны ў пытаннях севазвароту або ў справе ўгнаення палёў. Грамовіч. // Заснаваны на дасведчанасці; кваліфікаваны, аўтарытэтны. Кампетэнтная думка.

2. Які мае пэўныя паўнамоцтвы. Кампетэнтная арганізацыя.

[Ад лац. competens, competensis — адпаведны, здольны.]

кампетэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Дасведчанасць у якой‑н. справе. Гэтыя праблемы не ў яго кампетэнцыі.

2. Сукупнасць правоў і абавязкаў той ці іншай установы або адказнай асобы. Кампетэнцыя судовых органаў. □ — У чыёй кампетэнцыі справа кааптацыі членаў у акружком? — запытаўся [Андрэй]. Пестрак. Гукам быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Шамякін.

кампілява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кампіляваць.

кампілява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да кампіляваць.

кампілява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Займацца кампіляцыяй (у 2 знач.). Кампіляваць артыкул.

кампіля́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца кампіляцыяй, аўтар кампіляцыі. Піша-піша чалавек і раптам бачыць: не туды яго штурхнулі, не тое яму параілі, ды і наогул — які к чорту ён вучоны! Кампілятар, у лепшым выпадку — здольны тлумачальнік чужых думак. Шамякін.

кампіляты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кампілятыўнага.

кампіляты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Аснованы на кампіляцыі, які з’яўляецца кампіляцыяй. Кампілятыўная работа.