Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ілюміна́тар 1, ‑а, м.

Круглае воданепранікальнае акно ў борце або ў палубе судна. Задраіць ілюмінатары. □ Вецер мацнее, хвалі робяцца ўсё большымі, б’юць у барты, заліваюць ілюмінатары. В. Вольскі. // Акно ў борце самалёта, касмічнага карабля. Касманаўты падышлі да ілюмінатара. У бясконцай цемры бездапаможна трапятаўся.. прамень магутнага цэнтральнага пражэктара. Шыцік.

ілюміна́тар 2, ‑а, м.

Спецыяліст, які наладжвае ілюмінацыю.

ілюмінацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ілюмінацыі, з’яўляецца ілюмінацыяй. Ілюмінацыйныя агні.

ілюміна́цыя, ‑і, ж.

Яркае асвятленне вуліц, будынкаў рознакаляровымі агнямі ў сувязі са святам, урачыстасцю. Факельная ілюмінацыя. Святочная ілюмінацыя. □ Ілюмінацыя залівала горад, як быццам гэта палаў Рым. Караткевіч.

[Ад лац. illuminatio — асвятленне.]

ілюстрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ілюстраваць.

ілюстрава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ілюстраваць.

2. у знач. прым. Які мае ілюстрацыі, з ілюстрацыямі. Ілюстраваны плакат. Ілюстраваны часопіс.

ілюстрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да ілюстраваць.

ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.

2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.

ілюстра́тар, ‑а, м.

Мастак, які робіць малюнкі да тэксту. Ілюстратар кніг.

ілюстрацы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ілюстрацыйнага.

ілюстрацы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць, з’яўляецца ілюстрацыяй. Ілюстрацыйны матэрыял. Ілюстрацыйныя малюнкі. // Заснаваны на выкарыстанні ілюстрацый. Ілюстрацыйны метад.

2. Пабудаваны на знешнім апісанні без пранікнення ў сутнасць чаго‑н. (пра творы мастацтва, літаратуры і пад.). Можа, тая акалічнасць, што ў апошнія гады ў нас з’явілася нямала чыста ілюстрацыйных баек, у якіх адвольна, без ўліку ўсталяваных народных уяўленняў, бяруцца аслы, ваўкі, сланы, мядзведзь, і прымусіла сяго-таго задумацца: а ці патрэбна наогул байка? Казека.