Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кабрыяле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Лёгкі аднаконны двухколы экіпаж без козлаў з адным сядзеннем.

2. Кузаў легкавога аўтамабіля з адкідным верхам і бакавінамі, якія складаюць адно цэлае з каркасам кузава.

[Фр. cabriolet.]

кабу́л, ‑у, м.

Востры соус з соі і розных спецый для прыправы страў. / у знач. нескл. прым. Соус кабул.

[Ад назвы г. Кабул у Афганістане.]

кабура́, ‑ы, ж.

1. Футляр для пісталета або рэвальвера. Сцёпка раз-пораз на бягу папраўляў кабуру з наганам. Хомчанка. Станіслаў расшпільвае шынель, вымае з кабуры браўнінг, настаўляе яго на фурмапа. Мікуліч.

2. Скураная сумка збоку кавалерыйскага сядла.

[Ад цюрк. кубур — калчан.]

кабы́з і ко́быз, ‑а, м.

Казахскі струнны смычковы музычны інструмент.

[Цюрк. кобыз.]

кабы́ла, ‑ы, ж.

1. Самка каня. Жарэбная кабыла. □ Кожны цыган сваю кабылу хваліць. Прыказка.

2. Гіст. Дошка з выразам для шыі і рук, да якой прывязвалі для пакарання бізуном.

•••

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

кабы́лін, ‑а.

Які належыць кабыле. Кабыліна грыва.

кабылі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кабылы (у 1 знач.), належыць ёй. Кабылінае малако.

кабылі́ца, ‑ы, ж.

Маладая рослая кабыла; жаробка. Першая лёгка і размашыста ішла агністая.., з белай мецінкай на лбе кабыліца Зорка. Ракітны.

кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.

2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).

3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.

4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.

•••

Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.

кабыля́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і кабыліны.