Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер снегу, малака; проціл. чорны. Пад высокімі белымі хмаркамі кружыліся буслы. Брыль. Стаіць мой сад пад белым цветам. Цётка. А па вогнішчы імчыцца Белы конь. Чарот. / у знач. наз. бе́лае, ‑ага, н. Дзяўчынка ў белым. □ Вішні ў белае беляцца І распускаюцца слівы. Калачынскі. [Старыя людзі] расказвалі, як адна рэч ператваралася часамі ў другую, белае рабілася чорным. Колас. // З моцна пасівелымі валасамі. Даглядаў пчол цэлы дзень Той, каго любяць дзеці, — Такі белы, белы дзед. Куляшоў. // Збляднелы. Не заплецены косы, Стан танклявай травінкі, Спахмурнелыя вочы, Белы твар, — ні крывіцкі. Броўка. [Ксёндз] увесь дрыжаў і быў белы, як палатно. Чарнышэвіч. // Дагледжаны, чысты, чыста памыты. Агранома хваляць не за белыя рукі. Прыказка. Тады сіраце нядзеля, як кашуля бела. Прыказка. // Які мае светлы колер. Белы хлеб. Белы пясок.

2. Светлы, ясны. Ды хіба ў памяці сатрэцца Той белы ранак, і сяло. Гілевіч. У акно пазірае белая месячная ноч. Мележ.

3. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: контррэвалюцыйны, варожы Савецкай уладзе; проціл. чырвоны. Белая армія. Белая гвардыя. Белы тэрор. Белая банда. Белыя генералы. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. І ўсё ж цікавей было слухаць, як білі Чырвоныя коннікі полчышчы белых. Панчанка.

4. у знач. наз. бе́лыя, ‑ых. Светлыя фігуры ў шахматах і шашках. Ход белых. Белыя пачынаюць і робяць нічыю.

5. Які мае белы колер скуры (пра расу). Да яго, чорнага хлопчыка, ніколі не адносіліся так сардэчна белыя людзі. Бяганская. / у знач. наз. бе́лыя, ‑ых; адз. бе́лы, ‑ага, м. Прыйшлі белыя, заваявалі гэту зямлю, зрабілі неграў рабамі. Шамякін.

6. Як састаўная частка некаторых заалагічных, батанічных, хімічных і інш. назваў. Белы мядзведзь. Белы лебедзь. Белая акацыя. Белы грыб. Белая гліна.

•••

Белае мяса гл. мяса.

Белая гарачка гл. гарачка.

Белая пляма гл. пляма.

Белая раса гл. раса.

Белы білет гл. білет.

Белы верш гл. верш.

Белы вугаль гл. вугаль.

Белы свет гл. свет.

Белыя ночы гл. ноч.

Белая косць (костка) гл. косць.

Белым днём гл. дзень.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Казка пра белага бычка гл. казка.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свету белага не бачыць гл. бачыць.

Свету белага не відаць гл. відаць.

Сярод белага дня гл. дзень.

У белы свет як у капейку гл. свет.

Чорным па беламу напісана гл. напісаны.

Шыта белымі віткамі гл. шыты.

Як дзень белы гл. дзень.

бель, ‑і, ж.

Тое, што і белізна. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас.

бельведэ́р, ‑а, м.

Невялікая вежа над будынкам або асобная невялікая пабудова на ўзвышаным месцы, адкуль можна даглядаць за наваколлем. [Алесь і князь] выйшлі з тунеля, і тут вачам адкрыўся партэрны фасад палаца, вялізны, трохпавярховы, з круглым бельведэрам, што быў укрыты золатам. Караткевіч.

[Іт. belvedere — прыгожы від.]

бельгі́ец,

гл. бельгійцы.

бельгі́йка,

гл. бельгійцы.

бельгі́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Бельгіі, бельгійцаў, уласцівы ім. Бельгійская літаратура. Бельгійская парода коней.

бельгі́йцы, ‑аў; адз. бельгіец, ‑гійца, м.; бельгійка, ‑і, ДМ ‑гійцы; мн. бельгійкі, ‑гіек; ж.

Асноўнае насельніцтва Бельгіі.

бельэта́ж, ‑а, м.

1. Другі паверх дома.

2. Ніжні ярус над партэрам у тэатры.

[Фр. bel — прыгожы і étage — этаж.]

беляшы́, ‑оў; адз. бяляш, беляша, м.

Печаныя круглыя адкрытыя піражкі з мясной начынкай.