Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

хітры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Праяўляць хітрасць. Відаць, толькі гордасць не дазваляла прызнацца, як цяжка быць дачкой генерала, як даводзіцца хітрыць, каб не сказаць дома праўды, куды ідзеш. Карпюк. — Не, у мяне яшчэ ёсць справы, — Мядзведзеў хітрыў: ён не хацеў бесцырымонна выпраўляць капітана з кабінета. Асіпенка.

хітрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі хітры. [Драч:] А бабачка нішто сабе... гладкая... Нашым дзеўкам да цябе... Куды ім... Падабаешся... [Нінель:] І ты — мне. [Драч:] Ну і хітрэнная, халера! Губарэвіч.

хітрэ́ц, ‑раца, м.

Хітры чалавек; хітрун. [Колька:] — Калі ж ты іх [алоўкі] купіў? От хітрэц, разам хадзілі і я не бачыў. Чарнышэвіч.

хіхі́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хіхікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Чырвонаармеец] пачуў лёгкае хіхіканне мужчын. Бядуля. Тонкае хіхіканне Смагула і залівісты рогат Мікешкі вывелі з сябе Паўліка. Беразняк.

хіхі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спадцішка або ціха смяяцца. Каля дуба нехта хіхікаў, баючыся засмяяцца ўголас. Пестрак. [Гараська] смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча. Сачанка.

хіхі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Абазвацца смяшком. Хтось у натоўпе хіхікнуў, але на яго цыкнулі кабеты і ён адразу ж змоўк. Дуброўскі.

хіці́н, ‑у, м.

Арганічнае рэчыва групы вугляводаў, якое ўваходзіць у склад знешняга покрыва членістаногіх, а таксама абалонак клетак грыбоў, некаторых відаў водарасцей і бактэрый.

[Ад лац. chitimum з грэч. chitōn — хітон.]

хіці́навы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з хіціну. Хіцінавыя ўтварэнні. Хіцінавы панцыр.

хія́зм, ‑у, м.

1. У анатоміі — перакрыжаванне зрокавых нерваў на ніжняй паверхні прамежкавага мозга хрыбетных.

2. У лінгвістыцы — від сінтаксічнага паралелізму, пры якім у другой палавіне фразы члены сказа стаяць у адваротным парадку.

3. У выяўленчым мастацтве — крыжападобнае, сіметрычнае размяшчэнне дэталей фігуры.

[Грэч. chiasmos — размяшчэнне ў выглядзе літары «х».]

хі-хі́ і хі-хі-хі́, выкл.

Ужываецца для выражэння смеху спадцішка або тонкім голасам. А невядомы Ікс (імя ўспамінаць забаронена) Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.