Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

хі́сткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хісткага. Хісткасць спадзяванняў. □ Маральнае паражэнне князя — не што іншае, як неабвержны доказ хісткасці жыццёвых устаяў таго ладу, які трымаецца на грашах і насіллі. Ярош.

хі́сткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хістаецца, ківаецца, пакалыхваецца. На хісткай галінцы крушыны, узмахваючы крылцамі, сядзела птушка. Мележ. Люблю над картай пасядзець, люблю Чытаць геаграфічныя запіскі. І кожнаму зайздрошчу караблю І палубам, прасоленым і хісткім. Панчанка. І мы, каб не перашкаджаць людзям, якія ўжо заняты думкамі пра мора, па хісткіх дошках.. сыходзім на бераг. Сіпакоў. // Няўстойлівы, нетрывалы, які лёгка прыходзіць у рух з-за сваёй зношанасці, трухлявасці і пад. Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Над.. [рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі, і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў. // Які дрыжыць, мігціць (пра агонь, святло і пад.). Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. Грахоўскі. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра паходку, крок). Тады Люба рашуча адарвала свае рукі ад .. [Петрака] і хісткім крокам пайшла. Асіпенка.

2. перан. Ненадзейны, няпэўны; малапераканальны. Хісткае становішча. Хісткія падставы. □ Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе гэтыя доказы вельмі і вельмі хісткія. Ніхто і нідзе не мог прывесці прамога доказу непасрэднага ўдзелу інжынера ў чыгуначных дыверсіях. Лынькоў. Абое яны — дзядзька і цётка — усё яшчэ таілі хісткую надзею. Васілевіч. // Непастаянны ў сваіх поглядах, учынках і пад.; які лёгка паддаецца іншым уплывам. [Лабановіч:] — Я, аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме. Колас. Селянін у прозе Якуба Коласа так ці інакш цікавіцца рэвалюцыяй, усведамляе новыя сацыяльныя ідэі, якія яна несла, але рэвалюцыянер з яго яшчэ даволі хісткі. Навуменка.

хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.

2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.

3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.

хіто́н, ‑а, м.

1. Мужчынскае і жаночае адзенне старажытных грэкаў — доўгая і шырокая сарочка часцей без рукавоў, якая падпяразвалася з напускам. [Юстын] насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Бядуля. / Разм. Пра шырокую, свабодную адзежу. Апрануў нейкі хітон.

2. Касцюм танцоўшчыцы класічнага балета з глыбокімі разрэзамі па баках.

[Грэч. chitōn.]

хітрава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць хітраватага.

хітрава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі хітры. Вычыха хітраватая, але часам залішне меле языком і можа выбалбатаць тое, пра што думае. Кулакоўскі. // Які выражае пэўную хітрасць або сведчыць пра яе. [Ячны] падміргнуў мне, нібы змоўшчык, хітраватым вокам. Брыль. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Мележ.

хітрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Тое, што і хітрыць. [Марцін] ужо не сумняваўся, што Пронька хітруе і шукае карысці для сябе. Каваленка. [Голуб:] «Чэсным хітраваць нідзе не трэба. Калі што, то добра знаю я: Для мяне высокае ёсць неба І, як камень, цвёрдая зямля»... Сербантовіч.

хітраму́драсць, ‑і, ж.

Уласцівасць хітрамудрага; хітрасць, вынаходлівасць розуму.

хітраму́дры, ‑ая, ‑ае.

Які выдзяляецца вынаходлівым розумам. [Іван Пераход:] — Ну, думаю, ты хаця і хітрамудрая, але я перахітру і перамудру цябе!.. І ў першую ж палучку пашыбаваў у кнігарню. Васілёнак. Я не быў такім хітрамудрым, а напісаў папросту і шчыра: «Мой бацька бедны, а да навукі я здольны». Дубоўка. // Які хітра і ўмела прыдуманы, зроблены. Аўгіня.. умела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітрамудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Бядуля. Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.