Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хіру́рг, ‑а, м.

Урач, спецыяліст у галіне хірургіі.

хірургі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хірургіі. Хірургічная клініка. Хірургічная практыка. // Які выкарыстоўваецца пры аперацыях. Хірургічныя нажніцы. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе хірургіі. Хірургічная аперацыя. □ Марыя Хведараўна зразумела ўжо, што тут неабходна хірургічнае ўмяшанне. Марціновіч.

хірургі́я, ‑і, ж.

Галіна медыцыны, якая ажыццяўляе лячэнне хвароб аперацыйным шляхам.

[Грэч. cheir — рука і érgon — работа.]

хісну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да хістацца (у 1–3 знач.).

хісну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да хістаць.

хіста́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хістання (у 1 знач.). Хістальны рух.

хіста́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.

2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.

3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.

хістану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да хістацца (у 1–3 знач.).

хістану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да хістаць.

хіста́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Калыхацца, ківацца з боку ў бок. [Зыбін] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ. А .. [збожжа] рознымі колерамі гарыць, да пояса кланяецца — хістаецца ў бакі... Каваль. // Дрыжаць, мігаць (пра агонь, святло і пад.). Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала, і вось-вось, здавалася, пагасне. Колас. Туман дыміўся вечаровы, Між дрэў Хістаўся маладзік. Скурко.

2. Ківацца пры хадзьбе з боку ў бок. Як макаўка ад ветру на градзе, Хістаецца дзіцё ва ўсе бакі: Памкнецца крок ступіць — і тут жа ўпадзе, Які ж для ўсіх ты, першы крок, цяжкі! Непачаловіч. Знябыўся, пахудзеў [Пятрусь], рана яго разгнаілася, без сну і яды хістаецца, а не кінуў яе [Ганны] палякам. Нікановіч. // Калыхацца, калывацца ў бакі ў час руху. Воз хістаўся і рыпеў па выбоістай дарозе. Лупсякоў. Вагон гушкаўся, уздрыгваў, хістаўся ў бакі. Васілёнак.

3. Ківацца ў выніку нетрывалага, ненадзейнага прымацавання да чаго‑н., умацавання ў што‑н. або ў выніку трухлявасці і пад. Пад акном ад падлогі чарнелі два вянцы, гнілі; сям-там высыпаў грыбок.. Гніль лезла і вышэй, падтачыла падаконнік, — ён хістаўся пад локцямі ў Аркадзя. Пташнікаў. А зубы ў хлопцаў ад сцюжы ды без вітамінаў хістаюцца, крывавяць і баляць. Грахоўскі. // перан. Траціць ранейшае значэнне, сілу, устойлівасць. Польскі трон хістаўся пад напорам знаці, А яе не турак, дык швед калашмаціў. Бажко.

4. перан. Быць у нерашучасці; вагацца. Нейкі момант.. [Васіль] хістаўся: гаварыць Януку ўсё, як ёсць, ці не гаварыць? Кулакоўскі. Так, пакуль прыедзе бацька, усё будзе ўжо зроблена, і яму не будзе магчымасці ні думаць, ні сумнявацца, ні хістацца. Краўчанка.

5. Быць няўстойлівым, непастаянным; мяняцца. Цэны хістаюцца. Тэмпература паветра хістаецца ад 13 да 18°.

6. Зал. да хістаць (у 1, 2 знач.).