Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

указа́ць, укажу, укажаш, укажа; зак.

1. з дадан. сказам. Даць указанне, настаўленне; навучыць чаму‑н. Указаць, як весці работу.

2. на што. Адзначыўшы што‑н., звярнуць на яго ўвагу; выявіць што‑н. Указаць на памылкі. Указаць на адмоўныя бакі дзейнасці.

3. што. Паказаць, назваць для ведама, кіраўніцтва. Указаць лепшы метад. □ Каб ніякіх не было сумненняў, Назву па-старому ўказаць Адміністрацыйнаму дзяленню. Барадулін.

4. Тое, што і паказаць (у 2 знач.). Указаць месцазнаходжанне друкарні.

ука́звацца, ‑аецца; незак.

1. Адзначацца, выяўляцца, паказвацца. Тут жа ўказвалася палявая пошта той часці, дзе служыў Ігар. Кулакоўскі.

2. Зал. да указваць.

ука́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да указаць.

ука́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Палачка, якой паказваюць што‑н. [Палкоўнік] узяў указку, падышоў да карты і абвёў лінію фронту. Дудо.

2. Разм. Указанне, распараджэнне, настаўленне. Бабцы не падабалася, як бацька вострыць матыку, сячэ дровы, коле вепрука, а яму, — што без яе ўказак кроку нельга ступіць. Сяркоў.

ука́зны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да ўказа. // Падпісаны, устаноўлены ўказам.

ука́зчык, ‑а, м.

Той, хто ўказвае другім, што і як трэба рабіць. — Зараз жа забірайце коней! — сказаў [стражнік] са злосцю ў голасе. — Не маеце права тут пасвіць!.. [Бежанец:] — А што ты, чалавеча, за ўказчык нам? Якімовіч. [Бабуля:] — Ах, Канстанцін Сцяпанавіч .. Не ўказчык я вам і не нарадчык, але чую я сваім розумам: навошта вам гэтая служба? Лынькоў.

ука́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да указчык.

укако́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укакошыць.

укако́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Разм. груб. Забіць каго‑н. [Кулеш:] — Маеўскі — яго прозвішча. Яго бацька і сястра двух паліцаяў зімой укакошылі і да партызан уцяклі. Шамякін.

укало́цца, укалюся, уколешся, уколецца; зак.

Укалоць сябе чым‑н., наравіцца аб што‑н. вострае. Укалоцца іголкаю. Укалоцца пакошаю.