укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.
1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.
2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.
3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)