Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узгадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., што.

1. Прывесці ў пэўную адпаведнасць з чым‑н. Узгадніць дзеянні авіяцыі з дзеяннямі пяхоты. Узгадніць гадавы план з планамі пяцігодкі. □ Так, другі гарком камсамола створаны. Ён стаў фактам. Але мяне не пакідала думка: як узгадніць работу гэтага паўднёвага гаркома з тым паўночным, які дзейнічае ўжо не адзін месяц. Дзенісевіч.

2. Выпрацаваць адзіную думку, погляд і пад. наконт чаго‑н., атрымаць згоду, дазвол на што‑н. У палкоўніка ўжо даспяваў план, які ён павінен быў распрацаваць і ўзгадніць з генералам. Паслядовіч. Таццяна Пятроўна адказала, што такая, думка ёй спадабалася, але што трэба абавязкова ўзгадніць яе. Дубоўка.

узгадня́цца, ‑яецца; незак.

1. Прыводзіцца ў адпаведнасць з чым‑н.; быць узгодненым з кім‑, чым‑н. Сотні тысяч савецкіх патрыётаў пры самай актыўнай падтрымцы мірнага насельніцтва вялі партызанскую барацьбу, якая ўзгаднялася з аперацыямі Савецкай Арміі. «Полымя».

2. Зал. да узгадняць.

узгадня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да узгадніць.

узгадо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узгадоўваць — узгадаваць.

узгадо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узгадавацца.

2. Зал. да узгадоўваць.

узгадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узгадаваць.

узгало́ўе, ‑я, н.

Месца ў пасцелі, куды кладуцца галавой. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Каля ўзгалоўя — тумбачка. Гарбук. // Падгалоўе. Усюды ў дарозе служыў .. [партфель] узгалоўем — у цяплушках, у пасажырскіх вагонах, а ў часы ваеннага камунізма і ў канторы. Пестрак.

узганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да узганяць (гл. узагнаць у 2 знач.).

узганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да узагнаць.

узгара́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узгаральнага. Узгаральнасць нафты.