узво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць.
Незак. да узвезці.
узво́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узворваць — узараць.
узво́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да узворваць.
узво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узараць.
узвыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узвыць.
узвы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.
1. Паэт. Узняцца ўвысь, увышыню; падняцца вышэй навакольнага. Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Гілевіч.
2. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча або значэння; узняць свой аўтарытэт. [Высоцкі:] Масква яшчэ больш узвысілася над светам, як сімвал свабоды. Гурскі. [Белавус] убачыў смешную фанабэрыю чатырох маладых хлопцаў, іх наіўнае жаданне ўзвысіцца ў вачах дзяўчыны, якая падабалася. Савіцкі.
3. Павысіцца, стаць больш рэзкім, гучным (пра голас). Гугнявы голас перакладчыка ўзвысіўся ў такой меры, што строй аж жахнуўся. Сабаленка.
4. Узрасці (пра цэны і пад.). Плата за ўваход у музей узвысілася.
узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.
1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.
2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.
3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.
4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.
узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.
Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.
узвы́шанасць, ‑і, ж.
Уласцівасць узвышанага (у 3 знач.). Узвышанасць ідэй. Узвышанасць пачуццяў. Паэтычная ўзвышанасць.
узвы́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узвысіць.
2. у знач. прым. Размешчаны на больш высокім узроўні; высокі. Нізкая вільготная мясцовасць змянілася ўзвышанай. В. Вольскі.
3. перан.; у знач. прым. Поўны глыбокага зместу, значэння; высакародны. З гэтай парослай муравою сцежкі, што вядзе мяне ад бацькоўскай хаты ў далёкі свет, пачынаецца тое, што мы называем вялікім і ўзвышаным словам Радзіма. Марціновіч. Рэвалюцыя акрыліла мастацтва прыгожымі і ўзвышанымі ідэаламі. Пшыркоў.