Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узго́рбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Выгнуць гарбом, падняць угору.

узго́р’е, ‑я, н.

Невялікае ўзвышша, узгорак. Палац стаяў па ўзгор’і. □ Па ўзгор’ю поля, па раўніне Паўзуць сталёвыя валы. Колас. // Вяршыні гор. Паклон вам, паклон вам, дняпроўскія хвалі, І Кіева вежы і ўзгор’і Карпатаў! Броўка.

узго́ркаватасць, ‑і, ж.

Уласцівасць узгоркаватага.

узго́ркаваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і узгорысты. Прыгожыя шматпавярховыя дамы закрыюць ад вока ўзгоркаватае поле, хвойнічкі, складскія будынкі. Карпаў. Перад самым лесам танк з ходу ўз’ехаў на нейкі ўзгоркаваты дзірван. Беразняк.

узго́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і узгорысты. Полькі раздолля ты дорыш жыццю, Край мой узгоркавы, край мой лясны! Гілевіч. Паходня .. углядаўся ў маляўнічы ўзгоркавы краявід, крануты першымі подыхамі восені. Хадкевіч.

узго́рыстасць, ‑і, ж.

Наяўнасць узгоркаў дзе‑н. Мясцовасць тут была вышэйшая, узгорыстасць гусцейшая. Чорны.

узго́рысты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты ўзгоркамі, з вялікай колькасцю ўзгоркаў. Узгорысты востраў. Узгорысты рэльеф. □ Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Караткевіч. Хочацца вось так, дыхаючы на ўсе грудзі, ісці прасёлкавай дарогай, глядзець на лес, па ўзгорыстае шэрае поле. Навуменка.

узграба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узгрэбціся, узграбціся.

узграбці́ся,

гл. узгрэбціся.

узгрува́сціць, ‑вашчу, ‑васціш, ‑васціць; зак., што.

З цяжкасцю, з намаганнямі, бязладна ўскласці што‑н. грувасткае на верх чаго‑н. або на што‑н. высокае. Узгрувасціць мэблю на машыну.