узбунтава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узбунтаваць.
узбунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.
2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.
3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.
узбунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Схіліць, падбіць па бунт, паўстанне. Узбунтаваць войска. Узбунтаваць натоўп. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагонаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.
2. перан. Прывесці ў стан непакою, трывогі; узбударажыць, усхваляваць. Узбунтаваць пачуцці. Узбунтаваць душу. □ Міхалавы словы так узбунтавалі Комліка, што ён больш не валодаў сабой. Карпаў.
3. Узняць хвалі, прывесці ў рух (звычайна пра ваду). Засмяяўшыся, .. [Люда] палажыла вядро на свой адбітак у вадзе. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася. Брыль. // Узлахмаціць (валасы і пад.). Волька шпарка правяла далонню па яго [Кузёмкі] валасах, узбунтавала іх і, задзірыста засмяяўшыся, знікла за веснічкамі. Хадкевіч.
узбунто́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узбунтавацца (у 1 знач.).
2. Зал. да узбунтоўваць.
узбунто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узбунтаваць (у 1 знач.).
узбу́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узбурыць.
узбу́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узбурыцца.
узбу́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узбурыць.
узбуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.
1. Выйсці са стану спакою; узбударажыцца; узбунтавацца. [Лявон:] — Пайду ў млын. [Жонка:] — Чаго .. ўзбурыўся? Сёння ж мо зноў на бульбу? — Зноў ці не зноў, — зазлаваў Лявон. — Распалю кацёл, дам гудок — мужчыны падыдуць. З бульбай і без нас управяцца. Кудравец.
2. Разгневацца, раззлавацца. [Бабка Наста:] — І ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. Колас.
3. Паўстаць, узбунтавацца супраць каго‑, чаго‑н.
4. Нечакана разбушавацца, узбушавацца. Завіхурыла адразу пасля каляд. За які дзень куды дзелася шэрань, пасля зацішша ўзбурыўся вецер ды пагнаў па вуліцы гуллівыя снежныя круцялі. М. Стральцоў.
узбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., каго-што.
1. Вывесці са стану спакою, устрывожыць, узбударажыць; узбунтаваць. Крыкі вартавых узбурылі ўсю вёску. □ Гэтыя клопаты аб сабе канчаткова ўзбурылі Лёдзю. Карпаў.
2. Прывесці ў стан абурэння, разгневаць, раззлаваць. Аднак старасту гэтая незалежнасць [паліцэйскага] адно ўзбурыла. Чыгрынаў.