Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

узбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., каго-што.

1. Вывесці са стану спакою, устрывожыць, узбударажыць; узбунтаваць. Крыкі вартавых узбурылі ўсю вёску. □ Гэтыя клопаты аб сабе канчаткова ўзбурылі Лёдзю. Карпаў.

2. Прывесці ў стан абурэння, разгневаць, раззлаваць. Аднак старасту гэтая незалежнасць [паліцэйскага] адно ўзбурыла. Чыгрынаў.

узбурэ́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне і стан паводле дзеясл. узбурыць (у 1 знач.). Было ціха, і на сэрцы памалу ўлягалася выкліканае сходам узбурэнне. Мурашка.

узбушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.

Пачаць бушаваць (пра вецер, мора і пад.). Мора ўзбушавалася. // перан. Раскрычацца, пачаць буяніць. Пад вечар узбушаваўся стары.

узбяга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узбягаць — узбегчы.

узбяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узбегчы.

узбярэ́жжа, ‑а, н.

Паласа зямлі ўздоўж берага (ракі, возера, мора). Пажухлыя, аслабелыя травы па ўзбярэжжы заліваліся вадою папаўнелых рэк. Шахавец. // Разм. Край, абочына. Усю зіму праплакала Ганка,.. а на вясну, як зацвілі на ажыўшай зямлі краскі і зашумеў на ўзбярэжжы балотаў буйны чарот, знікла і Ганка. Машара. — Як жа быць? — узнікла тады ў дзяўчыны трывожнае пытанне. Пайсці ўзбярэжжам лугу, што сутыкаўся з полем, азначала быць заўважанай. Кавалёў.

узбярэ́жная, ‑ай, ж.

Тое, што і набярэжная. Зараз стаю на ўзбярэжнай каля папрабіванага асколкамі конніка. Лужанін.

узбярэ́жны, ‑ая, ‑ае.

Які размешчаны на беразе, пры беразе. Узбярэжны пясок. □ [Самалёты] кружыліся над ракой, над узбярэжнымі лугамі. Лынькоў. Доўга прадзіраліся дзеці праз узбярэжны хмызняк, правальваліся ў балотцы. Скрыпка.

узвадны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які мае адносіны да узвода ​2 (у 2 знач.). Узвадная спружына.

узва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узважыць.