узва́р, ‑у, м.
Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.
узварухну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Аднакр. да узварушыцца.
узварухну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Аднакр. да узварушыць (у 2, 3 знач.).
узвару́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узварушыць.
узвару́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. узварушваць — узварушыць (у 1, 3 знач.).
узвару́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узварушыцца.
2. Зал. да узварушваць.
узвару́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узварушыць.
узварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.
1. Пачаць варушыцца, рухацца. Узварушыўся мурашнік.
2. перан. Разм. Выйсці са стану вяласці; расшавяліцца. У адну раніцу, яшчэ халаднаватыя поцемкам, Курані ўзварушыліся, захадзіліся адным клопатам, — на балота, касіць! Мележ. // Абудзіцца, ажыць. Успаміны ўзварушыліся ў душы.
узварушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; зак., каго-што.
1. Злёгку паварушыць; разварушыць. Узварушыць зямлю вакол дрэва. Вецер узварушыў салому на страсе. □ Шыхта змерзлася, яе трэба моцна біць ломам — тады толькі ўзварушыш. Савіцкі. // Заставіць паварушыцца, ускалыхнуцца. З разгону [ветрык] узварушыў хмызняк. Смагаровіч.
2. перан. Разм. Вывесці са стану вяласці, пасіўнасці, расшавяліць; узняць. Узварушыць народ. □ Першы нумар «Ленінскага засеву», вывешаны на сцяне хаты-чытальні, узварушыў Затонне. Колас. [Алесь:] Памятаеш, як мы ўсё мястэчка ўзварушылі на перамер зямлі. Чорны. Зала нібы ажыла, жывыя чалавечыя пачуцці, думкі, страсці ўскалыхнулі, узварушылі сонную застоеную цішыню. Лынькоў. // Абудзіць, ажывіць. Узварушыць успаміны. Узварушыць у памяці старонкі мінулага.
3. перан. Разм. Выклікаць спачуванне, хваляванне; узрушыць. Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай ўзварушылі яго. Маўр. Галену навіна гэтая ўзварушыла вельмі. Чорны.
узвар’ява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узвар’яваць.