Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

узбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Заставіць прачнуцца; разбудзіць. Ноч мінула. Надышла раніца. Холад узбудзіў амаль усіх. Чарот. [Сябар:] — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Колас. / у перан. ужыв. І вялікае жаданне ў людзей даць спаўна энергіі гораду, азарыць, узбудзіць тайгу. Мыслівец.

2. Паставіць, вынесці што‑н. на абмеркаванне, вырашэнне. Пецярбургская судовая палата ўзбудзіла супраць суполкі [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] судовую справу. Семашкевіч.

3. перан. Давесці да нервовага або прыўзнята-нервовага стану; усхваляваць. Аднак была ў ім [гэлефонным званку] і такая вестка, якая вельмі ўзбудзіла Дзяніса Рыгоравіча, прымусіла разгубіцца, пазбавіцца на імгненне дару мовы. Харкевіч.

4. перан. Выклікаць, абудзіць (пачуцці, думкі, стан і пад.). Узбудзіць рэўнасць. Узбудзіць апетыт. □ Адчуўшы, што ўзбудзіла ў маладым шафёру цікавасць, маладзіца .. выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Хадановіч. Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў Зінінай душы .. ўспаміны. Кулакоўскі.

узбу́длівасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць рэагаваць на ўздзеянне раздражняльніка. Узбудлівасць клетак жывой тканкі. Узбудлівасць нервовай сістэмы.

узбу́длівы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Здольны хутка адказваць на ўздзеянне раздражняльнікаў. Узбудлівыя тканкі.

узбуйне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў больш буйным. Узбуйнелае зерне. □ А то і задрамлю, здаралася, на ўзбуйнелым сухажыллі карэнняў. Мыслівец.

узбуйне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узбуйняць — узбуйніць і узбуйняцца — узбуйніцца.

узбу́йнены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узбуйніць.

2. у знач. прым. Які стаў больш буйным. Узбуйненая гаспадарка. □ Ванжын падрабязна расказаў, як думае манціраваць кран узбуйненымі вузламі. Шыцік.

узбуйне́ць, ‑ее; зак.

Стаць больш буйным (у 1 знач.). [Каласы] ўзбуйнелі ўдвая, набрынялі, наступі — пырснуць крухмалам. Пташнікаў.

узбуйні́цца, ‑ніцца; зак.

Стаць узбуйнелым, зрабіцца больш буйным па памерах, аб’ёму, складу і пад. Цяпер, калі калгас узбуйніўся, павялічыўся разы ў тры, патрэбен быў добры гаспадар-бухгалтар — правая рука старшыні. Дуброўскі.

узбуйні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Зрабіць больш буйным па памерах, аб’ёму, складу і пад. Узбуйніць калгасы. Узбуйніць птушкаферму.

узбуйня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да узбуйніцца.

2. Зал. да узбуйняць.