узбунтавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.
1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.
2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.
3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)